Лукашэнка збіраецца ствараць беларуска-зімбабвійскі гандлёвы хаб



Часовы павераны ў справах Беларусі ў Зімбабвэ Дзмітрый Сакун паведаміў, што Лукашэнка падчас візіту ў гэтую краіну, які запланаваны на 30-31 студзеня, збіраецца абмяркоўваць стварэнне ў Афрыцы беларускага гандлёвага хаба.

Сакун сказаў, што зімбабвійскі рынак даволі ёмісты і маецца даволі вялікі попыт на розную прадукцыю. Паводле яго слоў, мясцовыя вытворцы не спраўляюцца з запытамі, якія ёсць у мясцовага насельніцтва. «Прадукты харчавання, тэхніка, адзенне, тыя ж угнаенні — гэтага ўсяго тут не хапае. І Беларусь можа гэта ўсё прапанаваць». Гаворачы пра цану тавараў пры ўліку ўсіх выдаткаў, звязаных з лагістыкай, Сакун звярнуў увагу на тое, што заўсёды можна знайсці якія-небудзь варыянты з мясцовымі партнёрамі, прапрацаваць лагістычныя шляхі:

Пры гэтым ён заўважыў, што ў рамках названага візіту будуць ісці перамовы пра тое, што пайсці на ўзаемадзеянне адзін з адным і стварыць хаб, які дазволіць «пераходзіць і ў суседнія краіны».

Дыпламат дадаў, маўляў, Зімбабвэ хоць і небагатая краіна, калі казаць пра эканоміку, але ў ёй жывуць людзі, якія радыя і гатовыя супрацоўнічаць з бізнэсам у Беларусі.

Напярэдадні візіту мясцовае выданне New Zimbabwe акурат напісала пра ўнутраныя скандалы, звязаныя з Беларуссю.

Першы звязаны з закупкай летась урадам Зімбабвэ ў Беларусі пажарных машын, пра якія «ніколі не прасілі» ўлады на месцах.  Іншы скандал тычыўся продажу дыяментаў, для чаго ўрад Зімбабвэ выбіраў дружалюбныя беларускія кампаніі, і гэта таксама не ішло на карысць уласна краіне.