Павел Усаў: Лукашэнка паедзе на паклон да Пуціна (абноўлена)



Ударам ніжэй поясу назваў адмову Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнічаць у маскоўскім парадзе перамогі 9 траўня расейскі палітолаг Андрэй Суздальцаў. Паводле яго гэта помста за адмову Расеі выдаць Беларусі 2-мільярдны крэдыт.

Беларускі палітычны эксперт Павел Усаў у эфіры нашага радыё адзначыў, што не трэба шукаць глыбокага таемнага зместу ў тым, што кіраўнік Беларусі не будзе прысутны на парадзе ў Маскве менавіта 9 траўня:

– Ён з афіцыйным візітам наведае Маскву 8-га траўня паказваючы гэтым, што тое, што ён не будзе прысутны 9-га, не з’яўляецца нейкім геапалітычным ці палітычным дэмаршам. Усё ж такі паедзе на паклон да Пуціна, а тое, што ён менавіта ён менавіта 9-га не будзе ў Маскве а будзе ў Менску – гэта вельмі важна менавіта для яго ідэалагічнай дактрыны, якую ён выкарыстоўвае ўнутры Беларусі.

Цягам апошняга месяца большасць з запрошаных афіцыйных дэлегацый адмовіліся ад удзелу ў ваенным парадзе ў Маскве з нагоды 70-годдзя перамогі над нацысцкай Нямеччнай.

Еўрапейскія і амерыканскія палітыкі сваю адмову патлумачылі агрэсіяй Расеі ва Украіне. На парадзе будуць прысутнічаць пераважна кіраўнікі краінаў СНД і азіяцкіх краінаў. Адначасова з Маскоўскім вайсковы парад пройдзе 9 траўня і ў беларускай сталіцы.

Заўтра ж пачынаецца трохдзённы візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Грузію. Цягам візіту адбудуцца сустрэчы з прэзідэнтам і прэм’ер-міністрам гэтай краіны. Хутчэй за ўсё візіт будзе датычыць пытанняў эканамічнага супрацоўніцтва, мяркуе Павел Усаў:

– Лукашэнка намагаецца шукаць дадатковыя рынкі збыту для беларускай прадукцыі. Прынамсі паміж Беларуссю і Грузіяй яшчэ з 2008 года захоўваюцца больш-менш пазітыўныя адносіны, якія звязаныя менавіта з пошукам магчымасцяў збыту беларускай прадукцыі. Хаця таксама трэба разумець, што Грузія не той рынак, які будзе пахлынаць прадукцыю Беларусі, бо сама знаходзіцца ў цяжкой эканамічнай сітуацыі і не можа быць ніякай эканамічнай падпоркай для беларускай гаспадаркі.

Беларусь нягледзячы на ўдзел у расейскіх інтэграцыйных праектах утрымлівала добрыя адносіны з Грузіяй. Пасля расейска-грузінскай вайны 2008 года афіцыйны Менск так і не прызнаў незалежнасць сепаратысцкіх Абхазіі і Паўднёвай Асетыі.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя