У Варшаве прайшоў класічны канцэрт беларускіх музыкаў
29-га студзеня ў касцёле Святога Аляксандра ў Варшаве адбыўся класічны канцэрт беларускіх музыкаў. Вялікая зала касцёла была запоўнена поўнасцю ў асноўным беларусамі.
Гучалі творы Баха, Гендэля і сучасных беларускіх кампазітараў – Падгайскай, Яськова. Творы духоўнай музыкі былі выкананыя прафесійна і кранальна, кажуць слухачы:
– Выдатны канцэрт, вельмі высокага ўзроўню, добра падабраны рэпертуар. Наколькі я заўважыла, тут аўтарскія творы.
– Вельмі прыгожа, вельмі шчыра. Вялікі дзякуй нашым артыстам, якія нас падтрымліваюць.
– Шмат складаных твораў, дзе ўвесь час гучаць дысануючыя гукі. Духоўная музыка – гэта вельмі файна.
– Увесь гэты канцэрт, гэтыя творы, асабліва калі „Магутны Божа” заспявалі ў канцы. Для мяне гэта гімн Беларусі, малітва за тых, хто зараз знаходзіцца ў Беларусі за кратамі.
Людзі яшчэ пэўны час стаялі каля касцёла і абмяркоўвалі канцэрт.
Беларускае Радыё Рацыя