Агляд прэсы: праверка трываласці



У Беларусі амаль паўтары тысячы палітвязняў. Хто пераможа ў вайне ва Украіне? Палестына-ізраільскі канфлікт: новае абвастрэнне. У Чэхіі прэзідэнтам абраны Пётр Павел. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Паводле звестак, у Беларусі знаходзіцца каля 1500 палітвязняў. Пры гэтым праваабарончы цэнтр «Вясна » — міжнародна вядомая праваабарончая арганізацыя ў Беларусі – мела вядучую ролю ў аказанні юрыдычнай і фінансавай дапамогі беларусам, якія трапілі пад крымінальны пераслед пасля масавых пратэстаў, якія выбухнулі ў 2020 годзе . Многія з яе лідэраў, у тым ліку лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, незаконна і несправядліва знаходзяцца пад вартай», – піша міжнароднае выданне Global Voices.

«Глыбокі грамадска-палітычны крызіс, які быў выкліканы ўзурпацыяй улады і яе канцэнтрацыяй у руках Аляксандра Лукашэнкі, вызначылі працяг і нарошчванне рэпрэсіўнай палітыкі беларускіх уладаў. Сапраўдных прававых механізмаў канстытуцыйнай змены ўлады ў Беларусі няма. Дзеянні ўсіх галін улады скіраваныя на пабудову новай, таталітарнай сістэмы, якая дэманструе нулявую цярпімасць да любых адхіленняў ад афіцыйнай палітыкі і ідэалогіі. У грамадстве насаджаецца атмасфера ўсеагульнага страху. Любыя праявы іншадумства выкараняюцца. Улады працягваюць актыўна ўжываць рэпрэсіі супраць журналістаў у сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю. Судовая сістэма рэгулярна ігнаруе стандарты справядлівага суда. У Беларусі працягвае прымяняцца смяротнае пакаранне. Усё гэта прывяло да міжнароднай ізаляцыі Беларусі і шырокіх санкцый з боку краін ЕС, ЗША і Вялікабрытаніі», – падсумоўвае міжнароднае выданне.

Пасля таго як Берлін прыняў рашэнне дазволіць пастаўку танкаў Leopard-2 Украіне, пачалося рэальнае фармаванне шырокага альянсу краін Захаду па забеспячэнні ВСУ танкамі. Еўрапейская прэса разважае пра магчымыя наступствы. „Да Крамля павінна, нарэшце, дайсці, што гэтую вайну яму не выйграць», – піша румынскае выданне Spotmedia.

«Расея больш не з’яўляецца вялікай дзяржавай. Гэты статус яна страціла яшчэ ў сакавіку мінулага года, калі ўвесь свет стаў сведкам таго, як пасланыя Крамлём танкі, якіх перш за ўсё так баяліся, успыхвалі як паходні ці як іх цягалі трактарамі ўкраінскія сяляне. З таго часу Расея і Пуцін няздольныя пазбавіцца ад іміджу прайграўшага. Нават тыя нешматлікія перамогі, што былі здабытыя войскамі РФ, даліся ім коштам такіх ахвяр, што ганарыцца імі проста немагчыма. Дамоўленасць, дасягнутая паміж Германіяй і ЗША, ужо сама па сабе з’яўляецца перамогай. Рашэнне аб прадастаўленні Украіне танкаў зламала маральны настрой расейскіх военачальнікаў: зараз ім даводзіцца ўсведамляць, што перамагчы ім не атрымаецца», – адзначае румынскае выданне.

Дзевяць забітых палестынцаў па выніках паліцэйскага рэйду ў Джэніне, сем забітых ізраільцян у выніку тэракту ў сінагозе ў Іерусаліме, мноства параненых абапал: такі гнятлівы вынік абвастрэння палестына-ізраільскага канфлікту. Новы кіруючы кабінет Ізраіля ў якасці рэакцыі прыняў новыя законы па супрацьдзеянні тэрарызму, і мае намер змякчыць заканадаўства па пытанні нашэння і захоўвання зброі для ізраільскіх грамадзян. Прэса ўстрывожаная. «Апошнія падзеі ў Ізраілі і на палестынскіх тэрыторыях могуць стаць пачаткам новай інтыфады», – асцерагаецца харвацкая газета Jutarnji list.

«Гэтае пытанне ўзнікае перыядычна кожны раз, калі сітуацыя абвастраецца, і тут адыгралі сваю ролю падзеі ў Джэніне. У мінулы чацвер ізраільскія сілы бяспекі здзейснілі там рэйд, падчас якога завязалася шматгадзінная перастрэлка з палестынцамі, сапраўды гэтак жа, як гэта было ў 2002 годзе, калі горад стаў эпіцэнтрам другой інтыфады. Пасля другой інтыфады, якая доўжылася да 2005 года і прайшла пад знакам тэрактаў з удзелам смяротнікаў і сутыкненняў з палестынскімі ваенізаванымі групоўкамі на палестынскіх тэрыторыях, Ізраіль пабудаваў сцяну на Заходнім беразе», – падкрэслівае харвацкае выданне.

Перамогу на прэзідэнцкіх выбарах у Чэхіі атрымаў генерал у адстаўцы Пётр Павел. Ён на галаву абышоў свайго саперніка, экс-прэм’ера Андрэя Бабіша, атрымаўшы каля 58 працэнтаў галасоў супраць 42 працэнтаў, якія дасталіся Бабішу. Як заявіў Павел, прагаласаваўшы за яго, выбаршчыкі выразна заявілі пра тое, што ставяць у аснову такія каштоўнасці, як праўда, годнасць і павага. «Значнасць гэтых выбараў выходзіць далёка за межы Чэхіі як краіны», – лічыць ўкраінскае выданне Європейська правда.

«Выбары ў Чэхіі сталі першымі, на якіх тэма вайны ва Украіне заняла цэнтральнае месца, адсунуўшы на другі план большасць пытанняў нацыянальнага парадку дня. Прыклад Чэхіі дэманструе наступнае: прарасейскіх папулістаў можна і мусім перамагчы. І гэта з’яўляецца сігналам іншым краінам рэгіёну, перш за ўсё Славакіі, дзе ў верасні адбудуцца датэрміновыя парламенцкія выбары і дзе пакуль захоўвае лідэрства прарасейская апазіцыя. Вынікі выбараў у Чэхіі сталі перамогай праеўрапейскіх сіл усёй «новай» Еўропы. І, зразумела, Украіны таксама», – канстатуе ўкраінскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя