Агляд прэсы: час для цяжкой размовы
Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць Беларусі больш актыўна садзейнічаць Расеі. Ці ўступіў Захад у вайну супраць Расеі? Еўропа награецца не зменамі клімату, але пратэстамі. Данія абмяркоўвае права актыўнай адмовы ад донарства. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Візіт Лукашэнкі ў Зімбабвэ адбыўся неўзабаве пасля апошняй паездкі ў Афрыку міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова. Напэўна таму ў афрыканскай краіне Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая прапанаваць большую дапамогу блізкаму саюзніку Расеі ў яе вайне супраць Украіны, хаця Расея «пакуль не мае патрэбы ў ніякай дапамозе». «Лукашэнка не ўдакладніў, у чым менавіта будзе выражаная гэтая дапамога», – піша брытанская газета The Morning Star.
„Але ж Расея часткова ўварвалася ва Украіну менавіта з тэрыторыі Беларусі ў лютым мінулага года, а таксама краіна стала стартавай пляцоўкай для расійскіх ракет падчас канфлікту. Пры гэтым Беларусь не ўвяла ў вайну ніводнага свайго вайскоўца. Расея і Беларусь у студзені правялі сумесныя вайсковыя вучэнні на беларускай тэрыторыі. Украіна заяўляе, што захавала сілы ўздоўж сваёй мяжы з Беларуссю, каб адбіцца ад любога патэнцыйнага ўварвання. Злучаныя Штаты заяўляюць, што яны не былі сведкамі перамяшчэння расейскіх войскаў у Беларусі, якія б паказвалі на непазбежны напад. Але ваенныя аналітыкі кажуць, што калі Беларусь актыўна ўцягнецца ў канфлікт, дадатковыя войскі могуць дапамагчы Маскве перакрыць некаторыя ключавыя транспартныя калідоры», – паведамляе брытанскае выданне.
***
У сувязі з рашэннем заходніх краін пачаць пастаўкі танкаў Украіне ў грамадстве і прэсе разгарнулася дыскусія пра тое, ці не стане гэта прамым удзелам Еўропы ў вайне. У той час як з Крамля гучаць заявы пра тое, што Захад усё больш выступае ў якасці непасрэднага боку канфлікту, у Берліне і Парыжы заяўляюць, што пастаўкі зброі не азначаюць уступлення ў вайну. «Такія абвінавачванні – гэта частка стратэгіі Расеі па апраўданні ўласнай агрэсіі», – піша балгарскае выданне Dnevnik.
«Было б памылкай меркаваць, што за спробамі Еўразвяза палепшыць ваенную мабільнасць і ўзровень кібербяспекі ды абароны, стаяць планы пачаць ваенную канфрантацыю з Расеяй. Ні План дзеянняў Ваенная мабільнасць 2.0 , ні Стратэгія кібербяспекі ЕЗ, ні Дырэктыва па сеткавай і інфармацыйнай бяспецы (NIS2) не паказваюць на тое, што ЕЗ рыхтуе ваенную канфрантацыю з Расеяй. Падобныя заявы з’яўляюцца часткай крамлёўскай прапаганды, якая паказвае Расею ахвярай, якой, маўляў, пагражае адзіны і варожы Захад», – канстатуе балгарскае выданне.
***
Масавыя пратэсты супраць пенсійнай рэформы ў Францыі, забастоўкі ў Вялікабрытаніі, якія працягваюцца, інфляцыя і пагроза рэцэсіі: усюды неспакойна. Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш гаворыць аб «зіме незадаволенасці» ў Еўропе. Грэчаская газета Naftemporiki каментуе сітуацыю.
«У той час як прычынай пратэстаў працоўных і сацыяльных хваляванняў у Францыі стала пенсійная рэформа, у Брытаніі высокія цэны і інфляцыя працягваюць падсілкоўваць «зіму трывогі нашай», якая праходзіць пад знакам забастовак, параўнальных з беспарадкамі пачатку 1970-х гадоў. У 70-е лейбарысты, якія знаходзіліся тады ў руля краіны, сутыкнуліся з сур’ёзнай сацыяльнай незадаволенасцю. Менавіта тады і ўзышла зорка Маргарэт Тэтчэр, якая затым на працягу многіх гадоў задавала тон як у Кансерватыўнай партыі, так і ў палітычным жыцці краіны ў цэлым. Цяпер з незадаволенасцю мас сутыкнуліся кансерватары. Найбуйнейшы прафсаюз Вялікабрытаніі Unite заклікаў да серыі забастовак у лютым і сакавіку. Еўропа – гэта кіпячы кацёл!», – адзначае грэчаскае выданне.
***
Абапіраючыся на адну з грамадскіх ініцыятыў, міністр аховы здароўя Даніі Сафі Лёдзе прапанавала ўвесці ў краіне правіла, згодна з якім грамадзяне будуць абавязаны актыўна выказваць сваю нязгоду станавіцца донарамі органаў. У адпаведнасці з такім новаўвядзеннем любы чалавек старэйшы за 18 гадоў аўтаматычна становіцца донарам органаў, калі ён або яна загадзя актыўна не выказалі сваю адмову ад донарства. Раней патэнцыйны донар павінен быў, наадварот, даць сваю актыўную згоду пры жыцці, ці ж, у выпадку яго смерці, рашэнне павінны былі прымаць сваякі. Мясцовая прэса не хавае свайго скепсісу. Дацкая газета Kristeligt Dagblad мяркуе, што праблему недахопу донараў трэба вырашаць інакш.
«Замест таго каб уносіць змены ў закон і ператвараць у донараў усіх і кожнага, палітыкам варта было б звярнуць увагу на перашкоды, якія існуюць у лякарнях, дзе блытаніна і недахоп месцаў у аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі прыводзяць да таго, што не заўсёды атрымоўваецца праводзіць цяжкія гутаркі са сваякамі хворых. Гэтыя размовы вельмі неабходны для ажыццяўлення донарства органаў, незалежна ад таго, якія шанцы на тое, што згода будзе атрыманая», – заклікае дацкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя