Чарговая забарона пікету ў Бярозе
Бярозаўскім праваабаронцам чарговы раз забаранілі праводзіць 27 ліпеня пікет, прымеркаваны да 24 угодкаў абвяшчэння суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. Прычына адмовы: не ў адзін дзень з заявай на пікет прынеслі дамовы з арганізацыямі на абслугоўванне пікету. Гэта чарговая надуманая прычына, але замацаваная пастановай райвыканкама, кажа адзін з заяўнікаў пікету праваабаронца Сяржук Русецкі:
– Усе папярэднія разы ўлады, калі мы спрабавалі заключыць ці заключалі дамовы, не выкарыстоўвалі гэтую нагоду. Наадварот, калі адмова давалася пазней, чым за 5 дзён да правядзення пікету, сцвярджалі, што яны да апошняга чакалі, што мы данясём гэтыя дамовы.
У пікеце меркаваўся ўдзел 10 чалавек. Мэта пікету: нагадаць жыхарам Бярозы пра 27 ліпеня, выказаць публічны пратэст наконт размяшчэння расейскіх вайсковых базаў у Беларусі і нагадаць пра наяўнасць палітвязняў.
За апошнія 17 гадоў бярозаўскія чыноўнікі ні разу не дазволілі дэмакратычнай грамадскасці правесці масавыя мерапрыемствы. Затое праўладным арганізацыям праблем з гэтым няма і нават аказваюць фінансавую дапамогу.
Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза