Гурт Lity Taler зладзіць у Варшаве пазнавальны майстар-клас па музычных інструментах



Гурт Lity Taler сёння, 3 студзеня, зладзіць у Варшаве пазнавальны майстар-клас па музычных інструментах ад крывічоў да ВКЛ.

Артысты распавядуць пра старадаўнія інструменты, зайграюць самі, а таксама прапануюць навучыцца гасцям падзеі. Сярод экспанатаў будуць прадстаўленыя дуды, ліры, гуслі і шматлікае іншае.

“Ідэя зладзіць такую імпрэзу нарадзілася ў нас ужо даўно”, – распавядае кіраўнік гурта Дзяніс Шматко:

– Той антураж, які мы будзем рабіць, вельмі цікавіць дзяцей. Ім заўсёды цікава даведацца нешта новае, пакратаць гэтыя інструменты, паспрабаваць на іх граць, паслухаць, як яны гучаць, уявіць, як гэта было сапраўды ў Сярэднявеччы. Таму што кожнае дзіцяці ведае, хто такія рыцары, што яны там былі і як яны выглядалі, што такое меч. А калі гэта гісторыя пачынае пражываць адразу перад вачыма, то дзеці гэта ўсё ўспрымаюць з вялікім захапленнем.

Імпрэза адбудзецца ў Беларускім Моладзевым Хабе (пляц Канстытуцыі, 6). Уваход вольны. Пачатак падзеі – 18:30 (дзверы адчыняцца ў 18:00).

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя