Праблемы беларускіх дабраахвотнікаў ва Украіне: недахоп ваяроў, вопыту і цяжкасці самаарганізацыі



Паводле аналітычных дадзеных, колькасць беларусаў у добраахвотных ваенных падраздзяленнях ва Украіне, што ўтварыліся падчас вайны Расеі, у нейкі момант перастала расці і пачала нават памяншацца. Прычыны гэтай з’явы абмеркавалі ўдзельнікі анлайн-сустрэчы, праведзенай па ініцыятыве Асацыяцыі беларускіх ветэранаў.

Кажа Васіль Верамейчык (пазыўны „Пацук”):

– Адсутнічала падрыхтоўка да варыянту маштабнай вайны Украіны з Расеяй, я кажу пра BYPOL Азарава. Не было маланкавай ці хаця б хуткай адэкватнай рэакцыі на стыхійнае і хаатычнае фармаванне беларускіх добраахвотніцкіх фармаванняў ва Украіне. У кіраўніцтве большасці добраахвотніцкіх падраздзяленняў апынуліся людзі, якія не мелі адпаведнай службовага досведу, адукацыі вайсковай. Вялізнай праблемай было, тое што з-за хаатычнага росту не былі ўстаноўлены супольныя правілы гульні, статуты. Быў страх канкурэнцыі, спробы манапалізаваць уладу інфармацыйна і эканамічна ўсё тэму беларускага добраахвотніцкага руху ў адной структуры.

Па словах удзельнікаў анлайн-сустрэчы, добраахвотным ваенным падраздзяленням беларусаў ва Украіне варта працаваць, каб прыцягваць навабранцаў і фармаваць свой афіцэрскі склад. Станоўчы эфект для байцоў бачыцца ў нядаўнім візіце Зянона Пазняка ў Бахмут да палка Каліноўскага. Па словах спікераў, такі ж эфект маглі б мець і візіты беларускіх музычных выканаўцаў да суайчыннікаў-ваяроў ва Украіне.

Беларускае Радыё Рацыя