Эксперт: Расея не лічыцца з людскімі ахвярамі, і гэта вельмі небяспечна для Украіны і Еўропы
Госць “Радыё Рацыя” – доктар Войцех Сегень з Беластоцкага ўніверсітэту – эксперт па Сярэдняй і Усходняй Еўропе.
РР: Напрыканцы лютага 2022 года мала хто верыў, што Украіна пратрымаецца год у вайне з Расеяй. Лукашэнка казаў пра тры-чатыры дні. Пуцінская выведка прагназавала, што ўсходнія ўкраінцы сустрэнуць хлебам-соллю “вызваленчую” расейскую армію. І вось мінае год. Украіна абараняецца. Нават часткова адваёўвае страчаныя тэрыторыі. Пуцін памыліўся?
Войцех Сегень: Я думаю, памылілася ўся расейская сістэма. Пуцін, як кіраўнік гэтай сістэмы, адказны за гэта. Гэта была памылка, звязаная з роўнем карупцыі ў Расеі. Аказалася, што карупцыйныя схемы тычацца такіх служб як ФСБ і іншых. І гэта прывяло да такой памылкі.
РР: Склалася ўражанне, што расейская армія сапраўды страшная, але сваімі злачынствамі, часам нечалавечымі зверствамі, а ў ваенным плане гэта далёка не другая армія ў свеце.
Войцех Сегень: Я думаю, што гэта была нечаканасць як для заходніх назіральнікаў, так і для саміх расіян, калі яны пабачылі стан сваёй арміі. Але ўсё ж такі нельга падыходзіць да Расеі з насмешкай. Таму што ўсё ж такі яны маюць вялікія мабілізацыйныя магчымасці і ёсць вялікі запас рознай зброі, таму тое, як яны ваююць і як, напрыклад, пад Бахмутам змаглі перайсці рэальна ўперад, гэта адна рэч. А з другога боку, яны могуць яшчэ выцягнуць не аднаго туза з рукава. Таму я б быў тут больш стрыманы ад адназначнай крытыкі. Таму што перадусім яны не лічацца з людзьмі, і гэта самае небяспечнае, што можа чакаць Украіну і ўсю Еўропу. А калі няма такога падыходу, што чалавек важны, яны могуць ісці вельмі далёка, нягледзячы на людскія ахвяры.
РР: Асноўны туз, нават джокер, у ракаве Пуціна – гэта ядзерна зброя. А якія яшчэ тузы ў яго ёсць?
Войцех Сегень: Я думаю, што гэта самы галоўны козыр. Хоць перадусім ён функцыянаваў доўгі час як элемент застрашэння Захаду і ЗША. А апошнія тыдні паказваюць, што гэта ўжо не працуе. Але яны працягваюць гуляць гэтымі казырамі.
РР: Мінае год, вайна працягваецца. Ці можна зрабіць нейкія прагнозы?
Войцех Сегень: Не. Таму што мы не ведаем, якая тактыка ў Расеі. Газета New York Times выказалася, што наступленне пачнецца 24 лютага, бо расіяне быццам прывязаныя да каляндарных сімвалаў. Я думаю, што больш верагодна, што праз месяц – паўтара можна будзе больш дакладна нешта прагназаваць. Пакуль маем зацішша, ведаем, што Бахмут трапляе ў акружэнне, ідуць новыя віды ўзбраення ва Украіну, танкі, таму праз месяц – паўтра будзем больш ведаць.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя