У Харкаве ўпершыню з пачатку вайны павялічылася колькасць насельніцтва
У Харкаве, што ва Украіне, цяпер жыве больш за мільён чалавек. Колькасць насельніцтва ўпершыню ад пачатку вайны пачала павялічвацца, некаторыя вяртаюцца з-за мяжы, нехта прыязджае ў горад з суседніх акупаваных тэрыторый.
Пра гэта распавёў мясцовы жыхар, украінец Віталь Трэцякоў:
-Тут можна выдзеліць два моманты. Адзін звязаны з тым, што ў горад вярнулася шмат людзей. Гэта, з аднаго боку, як вяртанне да мірнага жыцця. Нават улады аб’явілі, што ў горадзе зараз больш за мільён чалавек. Да гэтага было дзесьці 800 тысяч. І праз гэта пачаліся праблемы мірнага кшталту – ДТП, у якіх гінуць людзі, да наступлення каменданцкай гадзіны жудасная цемра, вуліцы не асвятляюцца з лютага адмыслова.
Віталь Трэцякоў дадаў, што на 24 лютага нічога надзвычайнага людзі не чакаюць. Хучэй за ўсё будзе шэраговы чарговы дзень вайны.
Беларускае Радыё Рацыя