Грузінскі Стоўнхэндж альбо “Хроніка Грузіі”



Адзін з самых славутых манументаў Грузіі – гэта грузінскі Стоўнхэндж ці манумент “Гісторыі Грузіі” альбо “Хронікі Грузіі”. Ёсць некалькі варыянтаў назвы.

Ён знаходзіцца на ўскрайку Тбілісі ў раёне Надзаладэві, каля так званага тбіліскага мора.

Аўтар гэтага легендарнага манумента знакаміты мастак і скульптар – Зураб Цэрэтэлі. Прысвяціў ён сваю працу 3000-годдзю грузінскай дзяржаўнасці і 2000-годдзю прыняцця ў краіне хрысціянства. Пачаў працаваць над ёй у 1980 годзе, і да гэтай пары яна яшчэ няскончаная. Але відаць, што ў хуткім часе манумент будзе завершаны, бо дарабіць засталося ўжо няшмат.

Афіцыйнае адкрыццё гэтага манумента, які ўражвае кожнага наведвальніка, адбылося ў пачатку 2000-х гадоў.

Манумент уяўляе з сябе некалькі памятнікаў, злучаных між сабой. Галоўнае збудаванне злучае між сабой 16 калон з медзі і бронзы, 35 метраў у вышыню. Кожная з іх дзеліцца на тры часткі: у ніжняй намаляваныя сюжэты з Бібліі, у сярэдняй – значныя для Грузіі людзі (святыя, цары, паэты, военачальнікі), у верхняй – бытавыя сцэны (святы, зборы ўраджаю і вінаграду).

Калі глядзець на мемарыял з вышыні птушынага палёту, то ён уяўляе з сябе вялізны крыж. Каля гэтага велічнага помніка гісторыі ёсць маленькая царква Прасвятой Багародзіцы і крыж з лазы святой Ніно, яны выдатна дапаўняюць біблейскую тэматыку.

Усе калоны мемарыялу цікава размешчаныя і здалёк нагадваюць Стоўнхэндж у Англіі. Таму мясцовыя і называюць гэты манумент “Грузінскі Стоўнхэндж”.

Нягледзячы на велічнасць і значнасць гэтага манумента, які ўразіць любога наведвальніка, турыстаў сюды даязджае няшмат. Гэты архітэктурны ансамбль месціцца ў 13 кіламетрах ад цэнтра Тбілісі, але маршрутак ходзіць сюды мала, а метро знаходзіцца далёка. На чым дакладна і хутка сюды можна дабрацца – гэта на таксі ці на машыне з сябрамі. Таксі ў Грузіі недарагое, ды і ўваход на тэрыторыю “Гісторыі Грузіі” бясплатны.

А гэтае месца сапраўды пакідае пасля сябе масу розных станоўчых уражанняў. Яно быццам надае сілу і моц наведвальнікам і прымушае вярнуцца зноў.

Беларускае Радыё Рацыя