Беларусі запасаў торфу хопіць на 70 гадоў



Беларусі запасаў торфу хопіць на 70 гадоў, расказаў БелТА міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык.

Паводле слоў міністра, разведаныя запасы карысных выкапняў даюць магчымасць забяспечыць сыравінай усе буйныя горназдабыўныя прадпрыемствы Беларусі пры іх рабоце на поўную вытворчую магутнасць.

«Пры цяперашніх аб’ёмах здабычы прамысловымі запасамі калійных і каменнай солей, даламіту, глін, пяску, Беларусь забяспечана больш як на 100 гадоў. Запасаў торфу хопіць на 70 гадоў, а запасаў падземных вод, будаўнічага каменю і трэпелу — больш як на 50 гадоў. Акрамя таго, дзякуючы пастаяннай рабоце геолагаў, запасы карысных выкапняў у нас штогод папаўняюцца», — падкрэсліў Андрэй Худык.

Ён дадаў, што ў 2018-2020 гадах выяўлена і папярэдне разведана радовішча Навадворскае ў Пінскім раёне з новым для Беларусі відам карысных выкапняў — базальтамі і туфамі. Гэты від сыравіны можа быць выкарыстаны для вытворчасці базальтавых валокнаў, арміруючых матэрыялаў і вырабаў, базальтавых супертонкіх валокнаў і іншых вырабаў у мэтах поўнага імпартазамяшчэння.

Беларускае Радыё Рацыя