У Менску будуць судзіць турагента, які падмануў каля 100 кліентаў
Каля ста чалавек пацярпелі ад дзеянняў мужчыны, які прадстаўляўся турагентам. Яго будуць судзіць за махлярства і замах на махлярства ў асабліва буйным памеры. Пра гэта расказалі ва Упраўленні Следчага камітэта па Менску.
У міліцыю прыйшоў адзін з кліентаў. Па парадзе знаёмых ён звярнуўся да 33-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка, яго рэкамендавалі як турагента. Мужчыны абмеркавалі па тэлефоне дэталі жаданага тура, падпісалі дагавор, кліент аддаў турагенту амаль 15 тысяч рублёў. Авіябілеты і ваўчары прадпрымальнік абяцаў выдаць за некалькі дзён да вылету. „Замест гэтага турагент прыдумаў гісторыю пра памылку авіякампаніі і прапанаваў кліенту перанесці сямейны адпачынак на некалькі дзён”, — кажуць у СК. Але затым паездку зноў прыйшлося адкласці — прадпрымальнік распавядаў пра праблемы з перавозчыкам і пра тое, што ліквідаваць праблему не атрымліваецца. Кліент зразумеў, што самастойна вярнуць грошы не атрымаецца.
Следчыя ўстанавілі яшчэ 100 пацярпелых ад ашуканскіх дзеянняў гэтага ІП, а таксама высветлілі, што на момант складання дамоваў у фігуранта не было рэальнай магчымасці выканаць абавязацельствы. Ён таксама меў патрэбу ў грошах. У выніку з лістапада 2021 года па жнівень 2022 года ён змог займець больш за 441 тысячу рублёў.
Следчыя таксама высветлілі, што ўвесь гэты час мужчына працаваў прадаўцом у адной з прыватных фірмаў сталіцы. На яго маёмасць (коштам больш за 30 тысяч рублёў) быў накладзены арышт. Пакрыць матэрыяльную шкоду ён змог часткова. Мужчына затрыманы.
Беларускае Радыё Рацыя