Павел Латушка: Ён хоча ўсеагульнага, усенароднага пакаяння
Госць Рацыі – кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. З ім наш карэспандэнт Уладзь Грынеўскі абмяркоўвае падпісанне Лукашэнкам дакумента аб стварэнні камісій па вяртанні з’ехаўшых беларусаў.
РР: Прагучала гэтая заява на сустрэчы з генпракурорам Андрэем Шведам. Даўно казалася пра нейкую такую ініцыятыву. Як на яе, напрыклад, вы рэагуеце?
Павел Латушка: Адразу ўзгадваецца гісторыя 1921-27гадоў. Спецыяльная аперацыя ВЧК і ОГПУ. Яна палягала на тым, што фактычна была створаная арганізацыя, нібы апазіцыйная, у якую заманьвалі прадстаўнікоў апазіцыі ўлады, у той момант бальшавіцкая ўлада ў Расеі. І яны прыязджалі ў гэтую арганізацыю і пазней, што з імі адбылося – яны былі затрыманыя, былі арыштаваныя, пайшлі ў канцэнтрацыйныя лагеры на тэрыторыі Савецкага саюза і расстраляныя. Зразумела, што тая інтэнцыя была іншай, але мне чамусьці нагадвае гэтую гісторыю.
Ці сапраўды хтосьці сёння гатовы верыць словам Лукашэнкі? Ці сапраўды хтосьці гатовы верыць словам Шведа, так званага генеральнага пракурора? Я асабіста – не. Кожны прымае рашэнне сваё. Але мы павінны зразумець, што гэта неправавы інструмент, які створаны, хоць права ў Беларусі ўвогуле не існуе. Гэта не прадугледжана Крымінальна-працэсуальным кодэксам, не прадугледжана Крымінальным кодэксам. Фактычна Лукашэнка хоча рэалізаваць сваю персанальную мэту. У яго ёсць свая матывацыя, у дадатку да іншых, але перадусім ён хоча, каб на каленях да яго прыйшлі людзі і пачалі ў яго ласкава прасіць прабачэння. Нават і ў гэтыя дні, мы ведаем, калі да людзей прыходзяць спецслужбы і патрабуюць запісваць пакаяльныя відэа, плаціць штрафы за тое, што яны калісьці дапамаглі пацярпелым беларусам і г.д. Ён хоча ўсеагульнага, усенароднага, не падтрымкі, а пакаяння, каб усе ў яго папрасілі прабачэння. Гэта чарговы здзек над людзьмі.
Пазней трэба зразумець, я кажу ўжо як юрыст, ніхто ж не ліквідуе тэрміна даўніны злачынства, у якім прызнаецца чалавек. Яно не з’яўляецца, па-першае, злачынствам ці правапарушэннем, зразумела, але так лічыць рэжым. Бо няма прававой сістэмы. Але яны будуць разглядаць гэта менавіта ў гэтым рэчышчы. І, напрыклад, калі чалавек учыніў асабліва цяжкае злачынства, то гэта 15 гадоў даўніны. Гэта значыцца, што на працягу 15 гадоў, нягледзячы на тое, што вы зрабілі пакаянне, запішыце відэа, заплаціце штрафы, да вас могуць прыйсці, калі вы зробіце крок налева ці ўправа ці паглядзіце не ў той бок, да вас прыйдуць і ўзбудзяць крымінальную справу. Фактычна кожны, хто пойдзе гэтым шляхам, трапляе на кручок рэжыму, і ён пазней будзе рабіць з гэтым чалавекам, што захоча.
Гэта стварэнне сістэмы рабоў, абсалютна падуладных, падкантрольных людзей, якія павінны будуць, як сказаў сам Лукашэнка: вы павінны быць лепшымі за тых „ябацькаў”, якія зараз мяне атачаюць. То бок ён хоча нават зрабіць прыхільнікаў сваіх з тых людзей, якія не падтрымліваюць яго. А мы ведаем, што абсалютная большасць беларусаў не хоча Лукашэнкі пры ўладзе.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя