МЗС Беларусі: Па дапамогу Сілівончык не звяртаўся



22-х гадовы гамяльчук Кірыл Сілівончык асуджаны ў Расеі да двух гадоў турмы. Яго асудзілі за допісы ў падтрымку Украіны, якія ён размяшчаў у сацыяльнай сетцы „УКантакце”. Цяпер беларус знаходзіцца ў адным з СІЗА Ніжняга Ноўгарада і чакае адпраўкі ў калонію.

Dmitrij-Mironchik-press-sekretar-MID

Як паведаміў прэс-сакратар беларускага МЗС Дзмітры Мірончык, пасольства Беларусі ў Расеі сочыць за развіццём сітуацыі, а па консульскую дапамогу не звярталіся ні сваякі, ні прадстаўнікі Кірыла Сілівончыка:

– Апавяшчэнне пра выкананне працэсуальных дзеянняў у дачыненні да спадара Сілівончыка было атрымана пасольствам Беларусі ў Расеі ад кампетэнтных органаў Расейскай Федэрацыі ў студзені 2015 года. Пра факт затрымання былі неадкладна паінфармаваныя кампетэнтныя органы Рэспублікі Беларусь і маці затрыманага. Пасольства Беларусі ў Расеі сочыць за развіццём дадзенай сітуацыі. Па консульскую дапамогу ў сувязі з парушэннем правоў і законных інтарэсаў Кірыл Сілівончык і яго законныя прадстаўнікі або сваякі не звярталіся. На дадзены момант гэта ўся інфармацыя, якой Міністэрства замежных спраў можа падзяліцца са сродкамі масавай інфармацыі.

У інтэрнэце пачалася акцыя салідарнасці з Кірылам Сілівончыкам. Карыстальнікі збіраюцца пісаць лісты падтрымкі, а таксама стварылі адмысловы хэштэг #freebelarusian.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя