Уладзімір Шчэрбань: Праз арт-рэплікі хачу выразіць нацыянальную каштоўнасць Скарынаўскай бібліятэкі
Беларуска-брытанскі тэатральны рэжысёр і актор Уладзімір Шчэрбань запланаваў зрабіць арт-рэплікі карцін са збору Беларускай бібліятэкі і музею імя Францішка Скарыны ў Лондане.
Пра самую ідэю праекта распавёў Уладзімір Шчэрбань:
– Працую над карцінай-ілюстрацыяй Барыса Заборава. Арыгінал знаходзіцца ў Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францыска Скарыны, у якім працуюць мае добрыя сябры. Прыйшла ідэя штосьці зрабіць, калі я наведваў іх бібліятэку. Я заўважыў на сценах шмат карцін, якія падаравалі свае працы гэтаму музею – гэта скарб беларускай культуры.
Таксама актывіст плануе пераўвасобіць творы беларускіх незалежных мастакоў-сучаснікаў. Агулам за тры апошнія гады Уладзімір Шчэрбань зрабіў больш за сто арт-рэплік вядомых карцін, звярнуўшы на сваю дзейнасці ўвагу не толькі аматараў мастацтва, але і арт-прафесіяналаў.
Беларускае Радыё Рацыя