Артур Касіцкі: Прысуд Пачобуту – недапушчальная рэч у міжнародным праве
У 83-ую гадавіну першай масавай дэпартацыі жыхароў Польшчы ў Сібір, у Беластоку ля помніка – Магілы Невядомага Сібірака – улады Падляшскага ваяводства ўшанавалі памяць пацярпелых ад савецкіх рэпрэсій.
Ацэньваючы маштабныя рэпрэсіі тых часоў, Падляшскі ваявода Багдан Пашкоўскі правёў паралелі з Беларуссю і выказаўся пра закрыццё памежнага пераходу ў “Баброўніках”:
-Гэтае рашэнне было прынятае перадусім для бяспекі краіны. Зараз нашы намаганні накіраваныя на тое, каб мінімізаваць розныя складанасці, якія могуць узнікнуць у датычнасці тых асоб, якія да гэтага пераходу ў Баброўніках або прыбывалі, або мелі намер яго перайсці.
Пра тое, ці сапраўды на закрыццё памежнага пераходу ў “Баброўніках” паўплываў нядаўні прысуд Анджэю Пачобуту ў Беларусі, выказаўся Маршалак Падляшскага ваяводства Артур Касіцкі:
-Тое, што зрабілі са спадаром Пачобутам складана растлумачыць. Гэта недапушчальная рэч у міжнародным праве. З той інфармацыі, якой я валодаю, відаць, што пэўная пагроза з боку Беларусі ёсць.
Таксама ў пятніцу 10-га лютага, а 17-й у Беластоку адбудзецца акцыя пад назвай «Святло памяці». Кожны можа прыйсці і запаліць на інсталяцыі чыгуначных рэек ля Музея Памяці Сібіры сімвалічны зніч у памяць аб рэпрэсаваных сваяках, у тым ліку вывезеных з Беларусі і Польшчы 83 гады таму.
Беларускае Радыё Рацыя