У Вільні праходзіць Стральцоўскі фэст (абноўлена)
Нягледзячы ні на што, Стральцоўскі паэтычны фестываль адбываецца. Праўда, сёлета, як і ў мінулым годзе, у Вільні. Не парушана і традыцыя вызначэння лаўрэата фестывалю. Сёлета ім стаў паэт і літаратуразнаўца Юрась Пацюпа.
Пра лаўрэата кажа сябра журы літаратурнай прэміі Уладзімір Някляеў:
– Ён, Юрась Пацюпа, зусім не падобны да Стральцова, гэта ледзьве не іншы космас. Але ў ім ёсць адна вельмі істотная рэч, па метафарыстыцы, па сваім пісьме ён недзе падобны да Міхася Лявонавіча, па мове, глыбіні, засваенні мовы. Мала на сённяшні дзень паэтаў пакалення Пацюпы, якія гэтак глыбінна ведаюць мову, як ведала пакаленне Стральцова.
Кажа адзін з вядоўцаў фестывалю Сяргей Харэўскі:
– Галоўным арганізатарам сёлетняга фестывалю з’яўляецца „Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў”. Гэта новая арганізацыя, якая падтрымлівае і згуртоўвае беларускіх літаратараў ва ўсім свеце. Дзякуй вялікі нашым сябрам з усяго свету, якія робяць гэты фестываль магчымым. Дзякуй паэтычнай перакладчыцкай супольнасці. Адміністратарам і музыкам, усім датычным да сёлетняй падзеі.
Пра значэнне падобных фэстаў для творчых людзей, кажа вядомы празаік Альгерд Бахарэвіч:
– Што да віленскага фэсту, то мне здаецца, што найбольш важна для нас, гэта ўнікальныя магчымасць пабачыцца з калегамі і каляжанкамі. То бок абняцца, паціснуць руку, пагаварыць, паглядзець адно аднаму ў вочы – гэта страшэнна важна. Мы людзі самотныя, літаратура гэта ўвогуле занятак для самотных ваўкоў і ваўчых. Часам нам патрэбны гэты кантакт.
Згодна з традыцыяй літаратурнай прэміі імя Міхася Стральцова лаўрэат атрымаў як узнагароду кнігу выбранага з лепшымі яго творамі. Праўда, сам Юрась Пацюпа не здолеў прыехаць у Вільню на цырымонію ўганаравання і атрымае прэмію пазней у Менску.
Падчас цырымоніі абвяшчэння прэміі ў Доме літаратара ў Вільні свае вершы чыталі паэты са Швецыі, Нарвегіі, Літвы, Беларусі і Польшчы.
Сёння адбудзецца асноўны дзень Стральцоўскага фестывалю. Будуць прэзентавацца новыя кнігі, адбывацца круглыя сталы, а ўвечары пройдзе вялікая паэтычная імпрэза „Ноч паэзіі”.
Беларускае Радыё Рацыя