Сержу Мінскевічу – навукоўцу, перакладчыку, пісьменніку, барду споўнілася б 55 гадоў



Ягоны сябра і паплечнік паэт Ілля Сін распавядае пра тое, якім застаўся ў ягонай памяці гэты неардынарны эпатажны творца.

– Ён ледзьве не стаў, не ведаю, нейкай рок ці поп, ці якой там, зоркай з гітарай, з песнямі, якія імгненна станавіліся хітамі, якія маглі парваць любую залу. І абсалютна нечаканая трансфармацыя, калі ён адкідае ўсё гэта і пачынае перакладаць Міцкевіча. Абсалютна іншае асяроддзе, якім мы грэбавалі: бібліятэкі, цішыня, такая скурпулёзная праца. Гэта было поўнай неспадзяванкай.

Серж Мінскевіч шмат даследаваў, перакладаў на беларускую мову класічную польскую паэзію ХІХ стагоддзя, пісаў уласныя творы для дзяцей і дарослых. Ён пайшоў з жыцця летась 8 чэрвеня, пахаваны на Лясных могілках пад Менскам.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск