Беларускія ратавальнікі ў Турцыі дасталі з-пад абломкаў двух чалавек



Беларускія ратавальнікі, якія знаходзяцца з гуманітарнай місіяй у Турцыі, дасталі з-пад завалаў двух чалавек.

Пра гэта паведаміла 14 лютага прэс-служба МНС. Пацярпелыя правялі пад абломкамі разбуранага землетрасеннем будынка больш за восем сутак. Моцны землятрус адбыўся на паўднёвым усходзе Турцыі і ў Сірыі ў ноч з нядзелі на панядзелак 6 лютага. Разбуральныя падземныя штуршкі працягнуліся і на наступны дзень. Паводле апошніх звестак, у выніку землятрусаў у Турцыі і Сірыі загінулі больш за 37 тысяч чалавек. Сярод іх ёсць і беларусы.

Спецыяльны выратавальны атрад беларускага МНС „Зубр” адправіўся ў Турцыю ў першыя ж суткі пасля разбуральнага землетрасення. Таксама Мінабароны Беларусі адправіла атрад ваенных медыкаў на дапамогу пацярпелым у разбураныя землетрасеннем раёны Сірыі.