Як Беларусі ўдаецца абыходзіць заходнія санкцыі?
Беларусі ўдаецца абыходзіць заходнія санкцыі. Як прыклад – сітуацыя з угнаеннямі з прадпрыемства „Гародня Азот”, якое трапіла пад санкцыі, а пры гэтым экспартуе сваю прадукцыю ў Еўрапейскі Звяз.
Гэта высветлілі журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтру, з кіраўніком якога – Станіславам Івашкевічам – размаўляе Яна Запольская:
РР: Пачнём з сітуацыі, калі ўначы з 13 на 14 лютага на беларуска-літоўскай мяжы актывісты „Рабочага руху” пры ўдзеле журналістаў Беларускага расследавальніцкага цэнтру затрымалі дзве фуры, меркавана з угнаеннямі з падсанкцыйнага прадпрыемства „Гародня Азот”. Ужо прайшло некалькі дзён. Што вядома? Як развіваецца гэтая сітуацыя?
– Ужо ўдзень пасля ночы, калі гэта ўсё здарылася, літоўская мытня выпусціла прэс-рэліз у якім гаварылася, што пачата дасудовае расследаванне магчымага кейсу парушэння санкцый. Прыватна мытнікі нам сказалі яшчэ тады ўначы, што фуру 100% развярнуць. Пасля пяцігадзіннага супрацьстаяння з дзесяці вечара да трох гэтыя фуры вярнулі на дадатковую праверку. Расследаванне ідзе, іншых навін няма.
РР: Якім чынам фуры праехалі літоўскую мяжу. Вы іх спынілі ўжо на літоўскім баку.
– Гэтыя фуры ехалі з падробленымі дакументамі. Як „Гародня Азот” пазбягае санкцый. Яны ствараюць іншыя юрыдычныя асобы, Беларуская гандлёвая палата дае ім фэйкавыя сертыфікаты вытворцы, а грузяцца на „Гародня Азоце” і вязуць на літоўскую мытню. Такім чынам, з пункту гледжання літоўскіх мытнікаў, усё было легальна. Прадукцыя „Гародня Азот” не забароненая санкцыямі, толькі супраць кампаніі санкцыі. Яны бачаць, што кампанія іншая, не „Гародня Азот”, праехалі. Актывістам удалося іх спыніць і потым пераканаць мытнікаў узяць гэта назад, прадставіць доказы, што на самой справе фура грузілася на „Гародня Азоце”. Па-другое, кіроўца сам гэта прызнаў.
РР: Вам удалося дазнацца куды накіроўваліся гэтыя фуры?
– У Сербію, але гэта толькі некалькі штук з вялікай плыні.
РР: Наколькі вялікай можа быць гэтая плынь і ці можа яна аднавіць ранейшыя аб’ёмы?
– На сённяшні дзень у нас няма прычын думаць, што экспарт азотных угнаенняў хоць неяк пацярпеў ад санкцый.
Беларускае Радыё Рацыя