Беларускія валанцёры дапамагаюць збіраць дапамогу для Турцыі
У грузінскім Батумі адбываецца збор дапамогі для жыхароў Турцыі, якія пацярпелі ад землятрусу.
Распавядае Міхаіл, які прадстаўляе сярод валанцёраў „Беларускую дыяспару ў Аджарыі”.
– Мы збіраем рэчы, разнастайную дапамогу. Звяртаюцца вельмі розныя людзі, вельмі розныя рэчы даводзіцца збіраць з усяго горада. Вельмі цяжка. У асноўным аддаюць дзіцячыя рэчы і ежу.
Ён кажа, што ўсю дапамогу беларускія валанцёры звозяць у валанцёрскі штаб:
– Мы гэта ўсё звозім у штаб, там працуюць нашыя валанцёры, якія сартуюць і пакуюць рэчы. Усе рэчы перавозяцца ў Турцыю, літаральна ўчора паехала першая машына поўнасцю загружаная рэчамі.
На дадзены момант жыхары Батумі, сярод якіх некалькі тысяч беларусаў, могуць прынесці дапамогу ў некалькі вялікіх цэнтраў дапамогі, самы вялікі з якіх знаходзіцца на галоўным стадыёне гораду.
Беларускае Радыё Рацыя