Грэцкі закінуў шайбу, але яго „Амур” прайграў „Ак Барсу”



У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату КХЛ „Амур” на сваёй пляцоўцы саступіў „Ак Барсу” — 3:4.

Беларускі форвард гаспадароў Вячаслаў Грэцкі, закінуўшы шайбу на 51-й хвіліне, усталяваў канчатковы лік.

Кіслы атрымаў сур’ёзную траўму

У матчы з „Юнацтвам”, які завяршыўся перамогай менчукоў у серыі булітаў з лікам 5:4, траўмаваўся чацвёрты бамбардзір гарадзенскай каманды Арцём Кіслы. Згодна з афіцыйным пратаколам, у форварда дыягнаставана падазрэнне на пералом адной з касцей ступні, паведамляе прэс-служба ФХБ.

У сёлетнім сезоне Кіслы правёў за „Нёман” 49 матчаў, у якіх набраў 43 (15+28) ачкі пры паказчыку карыснасці „+11”. У лазарэце гарадзенцаў зараз таксама знаходзіцца трэці бамбардзір каманды Мікіта Рэмезаў.

Сазончык і Коўш далучыліся да „Славіі”

Мазырская „Славія” аб’явіла аб тым, што ў сезоне-2023 у камандзе будуць гуляць два новыя футбалісты. Гэта Кірыл Коўш і Сяргей Сазончык. Першы, 18-гадовы абаронца, узяты ў арэнду ў менскага „Дынама”. Другі перадсезонную падрыхтоўку да гэтага часу праходзіў у БАТЭ, але нядаўна скасаваў кантракт з клубам па пагадненні бакоў.

Жаночы футбольны сезон у Беларусі адкрыецца матчам за Суперкубак

Жаночы футбольны сезон у Беларусі стартуе 12 сакавіка матчам за Суперкубак. У першым афіцыйным паядынку за першы трафей сезона чэмпіёнкі і ўладальніцы Кубка Беларусі футбалісткі сталічнага „Дынама-БДУФК” сустрэнуцца са срэбраным прызёрам і фіналістам кубкавага розыгрышу футбольным клубам „Мінск”.

Дынамаўская каманда выйгравала Суперкубак два папярэднія сезоны запар, а іх суперніцы валодалі гэтым трафеем шэсць разоў. На старце мінулага сезона „Дынама-БДУФК” выйгралі ў „Мінска” з лікам 2:1.

Мікіта Сцяпанаў стаў гульцом „Атырау”

Паўабаронца Мікіта Сцяпанаў стаў гульцом „Атырау”. У мінулым сезоне хаўбек выступаў за „Іслач”, у складзе якой правёў 29 матчаў у чэмпіянаце Беларусі і забіў два галы.

Мурынью можа ўзначаліць „ПСЖ”

Галоўны трэнер „Ромы” Жазэ Мурынью можа ўзначаліць „ПСЖ”. Спартовы дырэктар парыжан Луіш Кампуш ужо звязваўся са спецыялістам, паведамляе партал Footmercato.

„Прынцы” пацярпелі тры паразы запар. Гэтага з парыжскім клубам не здаралася з 2011 года. Цяперашні настаўнік „ПСЖ” Крыстаф Гальцье, атрымаў на выпраўленне сітуацыі час да сакавіка. Калі сітуацыя застанецца ранейшай, то могуць звольніць не толькі галоўнага трэнера, але і яго патрона Кампуша, які лабіраваў запрашэнне экс-настаўніка „Ніцы” ў сталічную дружыну. Таму партугалец шукае запасныя варыянты, адным з якіх з’яўляецца запрашэнне земляка з „Ромы”.
Раней у СМІ з’яўлялася інфармацыя, што лідары „ПСЖ” незадаволены працай Луіша Кампуша, які на іх думку заваліў летнюю трансферную кампанію.

Беларускае Радыё Рацыя