У Беластоку пройдзе акцыя падтрымкі штотыднёвіка „Ніва”
У бліжэйшы аўторак, 21-га лютага, у Беластоку пройдзе акцыя. Дарэчы, першы пікет такога кшталту ў горадзе ды і ў Польшчы. Паразмаўлялі ў нашым эфіры з арганізатарам акцыі – Дарыюшам Жукоўскім.
РР: У “Ніве” за 5 лютага ёсць ваш допіс і дэталёвае абмеркаванне субсідый Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы для “Нівы”, пачынаючы з 2005 года. І вось гэты пікет у аўторак мае прамое дачыненне да гэтых субсідый.
Дарыюш Жукоўскі: Так. Гэта я б назваў “матэматыкай меншасцяў”. Бо што раз менш грошай ідзе на нашы меншасці. Я хачу, каб гэта дайшло да польскіх асоб, якія вызначаюць памер гэтых субсідый.
РР: Як вы хочаце правесці гэты пікет?
Дарыюш Жукоўскі: Хочам спакойна, каб усе падумалі, што далей рабіць. Я не хачу вялікага пікету. Гэта такі зварот, каб усе падумалі – і палякі, і беларусы, што далей будзе з нашымі меншасцямі ў Польшчы. Што рабіць, каб мы не зніклі.
РР: Месца вы вызначылі – вуліца Заменгофа ў Беластоку побач з рэдакцыяй “Нівы”. Але гэта не самае шматлюднае месца ў Беластоку.
Дарыюш Жукоўскі: “Ніва” – гэта наш корань. І ад гэтага кораня можа што пойдзе. Можа ўсе разам падумаем, і пасля паедзем у Варшаву.
РР: Каго запрашаеце на пікет?
Дарыюш Жукоўскі: Хай прыходзяць усе, хто хоча, хто адчувае беларускую справу, беларускую культуру, беларускую мову.
Пачатак акцыі а 12-й гадзіне каля рэдакцыі „Нівы”, вуліца Заменгофа-27.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя