Ціханоўская праводзіць сустрэчы ў межах Мюнхенскай канферэнцыі
Падчас працоўнага візіту ў Мюнхен Святлана Ціханоўская сустрэлася са старшынёй Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен і новаабраным прэзідэнтам Чэхіі Пэтрам Павэлам. У Нямеччыне Ціханоўская бярэ ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.
Ціханоўская і фон дэр Ляен абмеркавалі стварэнне міжнароднай кааліцыі дзеля падтрымання незалежнай Беларусі. Ціханоўская адзначыла, што Лукашэнка імкліва здае беларускі суверэнітэт і неабходныя рашучыя дзеянні, каб спыніць паглынанне Беларусі Расеяй. Таксама падчас сустрэчы закранулі сітуацыю з абыходам санкцый рэжымам.
Падчас сустрэчы з Пэтрам Павэлам Святлана Ціханоўская падзякавала Чэхіі за дапамогу чэшскіх дыпламатаў у розных краінах, у прыватнасці, чэшскага пасольства ў Літве і ў Менску, і прывітала рашэнне панізіць дыпламатычную прысутнасць у Менску. Раней Ціханоўская правяла перамовы з канцлерам Нямеччыны Олафам Шольцам.
Таксама Святлана Ціханоўская сустрэлася з Джорджам Сорасам. Яны абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі. Сорас сказаў, што згадвае пра Беларусь падчас сустрэчаў і зычыць дэмакратычных пераменаў нашай краіне, і дадаў, што ў першы дзень Мюнхенскай канферэнцыі скончыў свой выступ згадкай пра Беларусь.
Святлана Ціханоўская перадала Джорджу Сорасу прапановы ад беларускай грамадзянскай супольнасці, медыяў і праваабаронцаў, і прапанавала вярнуць беларускую праграму. Асобна Ціханоўская папрасіла звярнуць увагу на ініцыятывы ў сферы пашырэння беларускай культуры і адукацыі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: tsikhanouskaya.org