Гучная справа бізнесмена з Полацка: галоўны фігурант знаходзіцца за мяжой
Бізнесмен з Полацка, супраць якога распачалі тры крымінальныя справы, з’ехаў з краіны. Паводле інфармацыі, агучанай у эфіры АНТ, ён знаходзіцца „дзесьці на берагах Персідскага заліва”. Мужчыну падазраюць у нявыплаце падаткаў і іншых фінансавых злачынствах.
У адносінах да бізнесмена ўзбуджаны тры крымінальныя справы.
Паводле інфармацыі Камітэта дзяржкантролю, для незаконнай мінімізацыі падаткаў бізнесмен зарэгістраваў у Наваполацку і Полацку падкантрольныя яму ІП і юрыдычныя асобы, якія прымяняюць спецыяльны рэжым падаткаабкладання, а потым размяркоўваў паміж імі выручку ад здачы маёмасці ў арэнду. У выніку прадпрымальнік недаплаціў у бюджэт больш за 420 тыс. рублёў падаткаў, паведамляе ведамства. Таксама бізнэсмэна падазраюць у тым, што ён вывеў з разліковага рахунку прадпрыемства і абнаявіў 3,4 млн рублёў. І з гэтай сумы не заплаціў падаходны падатак у памеры 320 тыс.
Цяпер накладзены арышт на маёмасць бізнэсмэна: 68 аб’ектаў нерухомасці на суму €92 млн. Сам ён, паводле інфармацыі, агучанай у эфіры АНТ, знаходзіцца за мяжой, некаторы час таму на сваіх старонках у сацсетках ён выкладаў фатаграфіі начнога Дубая.
Праваахоўныя органы не называюць прозвішча бізнэсмэна, але ў сюжэце АНТ паказваюць відэа з сацсетак Уладзіміра Захарава, які валодае гандлёвымі цэнтрамі ў розных гарадах краіны.
Падазраванымі па справе з’яўляюцца яшчэ шэсць чалавек. Вядома, што ў іх праведзены ператрусы.