Пастаўкі па трубаправодзе „Дружба” казахстанскай нафты ў Германію перанесены на сакавік
Казахстан перанёс тэрмін пастаўкі сваёй нафты ў Нямеччыну па нафтаправодзе „Дружба” на сакавік. Аб гэтым піша „Рэйтэр”.
Прыняць казахстанскую нафту гатовы нямецкі НПЗ у Шведце. Ён разлічвае атрымаць 100 тыс.т у сакавіку.
Казахстан тлумачыць затрымкі з пастаўкай сваёй нафты па нафтаправодзе „Дружба” тым, што зацягнуліся ўзгадненні камерцыйных і юрыдычных умоў з усімі зацікаўленымі бакамі.
Кампанія „КазМунайГаза” ўдакладняе, што неабходны Германіі аб’ём зарэзерваваны і паступіць з Карачаганакскага радовішча.
Першапачаткова планавалася, што пастаўкі казахстанскай нафты ў Германію пачнуцца ў лютым, размова ішла аб 20 тыс.т.
Расейская нафтатранспартная кампанія „Транснафта” яшчэ ў снежні 2022 года прыняла заяўку ад „КазТрансОйла” на рэзерв дадатковых магутнасцяў нафтаправода „Дружба” для транзіту ў Германію ў аб’ёме 1,2 млн т на 2023 год.
Пасля гэтага кампанія „КазТрансОйл” заключыла кантракт на транзіт нафты праз Беларусь з беларускай дзяржкампаніяй „Гомельтранснафта Дружба”.
Нямеччына разлічвала атрымаць для НПЗ у Шведце 300 тыс. т нафты ў I квартале 2023 года. Аднак тэрміны паставак з пачатку года пасоўваюцца. Па словах намесніка міністра энергетыкі Казахстана, камерцыйныя перамовы паміж пастаўшчыком і пакупніком патрабуюць вызначанага часу, а „тэхнічных перашкод на шляху транзіту няма”.