На выезд з Польшчы ў Беларусь чакаюць каля 1600 грузавікоў



З раніцы 19 лютага каля 1600 грузавікоў чакаюць выезду з Польшчы праз памежны пераход у Карошчыне (з беларускага боку — Казловічы), які з мінулай пятніцы з’яўляецца адзіным дзейным грузавым пераходам з Беларуссю, паведамляе «Белсат» на падставе паведамленняў польскай прэсы.

Прэс-сакратар Палаты падатковай адміністрацыі ў Любліне Міхал Дэрус паведаміў, што ў нядзелю каля 140 грузавікоў чакаюць уезду ў Польшчу праз памежны пераход у Карошчыне, час чакання складае шэсць гадзін. Аднак на выездзе з Польшчы ў Беларусь у чарзе стаяць каля 1600 транспартных сродкаў, час чакання — 60 гадзін.

 За апошнюю 12-гадзінную змену, дадаў Дэрус, у Польшчу ўехала 290 грузавікоў, а выехалі 312. Праз пераход у Тарэспалі ў Польшчу ўехалі 253 легкавікі і 27 аўтобусаў, у Беларусь выехалі 423 легкавікі і 38 аўтобусаў. Як паведаміў прэс-сакратар Люблінскага УУС, праверкі на выездзе з Польшчы ў Беларусь праз памежны пераход у Тарэспалі адбываюцца пастаянна. У трохгадзіннай чарзе на ўезд у Польшчу чакаюць каля 190 легкавікоў.