Агляд прэсы: нічога двудушнага
Беларусь «гатовая ваяваць» на баку Расеі, калі Украіна нападзе на яе. Выклікі для карпарацый пасля Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Да чаго рыхтуецца энергарынак ЕЗ? Як Шатландыя зрабіла крок назад ад незалежнасці. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Лукашэнка, блізкі саюзнік прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, паабяцаў аб’яднаць сілы з Расеяй, калі Украіна нападзе на Беларусь. На рэдкай прэс-канферэнцыі з замежнымі журналістамі ў беларускай сталіцы Менску Лукашэнка заявіў, што Беларусь «гатовая ваяваць» разам з расейскімі сіламі супраць Украіны, калі хоць адзін вайсковец з Украіны прыйдзе на беларускую тэрыторыю са стрэльбай», —піша міжнароднае бізнэс-выданне The International Business Times.
«Лукашэнка таксама папярэдзіў іншыя саюзныя з Украінай краіны, што ягоны адказ будзе «самым жорсткім», калі яны нападуць на яго краіну. Такім чынам, у межах ЕЗ і Украіны беларускі спецназ рыхтуецца да магчымай эскалацыі вайны пад кіраўніцтвам Расеі. Беларускія вайскоўцы імітуюць лясны бой, а парашутысты адпрацоўваюць скачкі з самалёта. У беларускім горадзе Брэсце, усяго ў двух мілях ад Польшчы, ваенныя чыноўнікі настойваюць на тым, што сітуацыя застаецца стабільнай. Але яны таксама рыхтуюцца да горшага ў «рэзка зменлівых умовах». Колькасць беларускіх вайскоўцаў ацэньваецца ў 60-70 тысяч чалавек», – адзначае міжнароднае бізнэс-выданне.
«Доказы прамога ўдзелу французскай гандлёвай сеткі Auchan у забеспячэнні расейскага акупацыйнага войска былі апублікаваныя ў першы дзень Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Заходні бізнэс, які пусціў у Расеі карані, не спяшаецца прыбрацца за санітарны кардон. У той час, як Макрон абвяшчае за мэту – перамогу над «неамафіёзнай» расейскай дзяржавай, адна з найбуйнейшых французскіх кампаній шле акупантам шкарпэткі і сякеры», – паведамляе незалежнае расейскае выданне Graniru.
«На гэтым найважнейшым форуме праз год пасля пачатку вялікай вайны Захад дэманструе адзінства і рашучасць. ЗША кваліфікуюць зверствы расейскай арміі і дэпартацыі ўкраінцаў як злачынствы супраць чалавечнасці, лідэры Францыі і Германіі канчаткова расстаюцца са шкоднымі міратворчымі памылкамі, брытанскі прэм’ер і кіраўнік Еўракамісіі заклікаюць падвоіць ваенную падтрымку Украіны. За год, вядома, адбыліся вялізныя і доўгачаканыя перамены, галоўная з якіх – адлучэнне ад праклятай бензакалонкі. Але змірыцца са стратай расейскага рынку давядзецца не толькі еўрапейскім нафтагазавым кампаніям і аўтапраму. Больш за 1200 заходніх карпарацый працягваюць заставацца ў Расеі. І Францыя была на першым месцы па аб’ёме інвестыцый у Расею. Сям’я Мюлье, бізнес-імперыя са 100-мільярдным глабальным абаротам, не стала закрываць расейскія крамы «Ашан». Іншая прыналежная ёй гандлёвая сетка, Leroy Merlin, якая атрымлівае ў Расеі пятую частку выручкі, засталася нават пасля таго, як у сакавіку мінулага года расейская ракета разбурыла яе кіеўскую краму і забіла супрацоўніка. Сёння Auchan, паводле слоў кіраўніка ўкраінскага МЗС Дзмітрыя Кулебы, ператварыўся ў паўнацэнную зброю расейскай агрэсіі. І што зрабіць, калі агароднінныя кансервы Bonduelle у выніку адпраўляюцца на фронт, раскрываючы там для расейскага войска ўсе свае спажыўныя якасці. Еўропе патрэбны новыя заканадаўчыя інструменты для барацьбы з калабарацыянізмам», – заклікае расейскае незалежнае выданне.
Заходнія палітыкі аб’яўляюць аб перамозе ў энергетычнай вайне з Расеяй, але бізнэс баіцца, што горшае яшчэ наперадзе. Еўрапарламент пачынае падводзіць вынікі ацяпляльнага сезона, з якіх вынікае, што вясна ўжо зусім блізка, а газавыя сховішчы па-ранейшаму запоўнены больш як на 50 працэнтаў. Гэта павінна стаць добрым зачынам на наступную зіму, і дрэннай навіной для Уладзіміра Пуціна. Аднак эксперты прызнаюць, што поспех еўрапейскай энергетыкі шмат у чым складаецца з ўдалага збегу акалічнасцяў і анамальна цёплай зімы сёлета. «Буйныя еўрапейскія энергетычныя кампаніі рыхтуюцца да таго, што высокія кошты будуць захоўвацца як мінімум у кароткатэрміновай перспектыве», – піша амерыканскае выданне Bloomberg.
«У Міжнародным энергетычным агенцтве папярэджвалі, што наступны сезон стане «сапраўдным выпрабаваннем для Еўропы». У асноўным з-за дэфіцыту ЗПГ, які ўжо хутка пачне актыўна закупляць Кітай. Так, кампанія Shell прагназуе, што попыт на гэты тып паліва ў Еўропе будзе перавышаць прапанову да 2030 года. Тым не менш палітыкі настойваюць, што Расея нясе сур’ёзныя страты ў энергетычным супрацьстаянні з Захадам. Гэта заўважна і на нафтавым рынку. На днях расейскі віцэ-прэм’ер Аляксандр Новак аб’явіў аб скарачэнні здабычы нафты на 500 тыс. барэляў за суткі. Да таго ж маюцца прыкметы таго, што Расеі проста няма куды прадаваць гэтыя аб’ёмы з-за столі коштаў», – падкрэслівае амерыканскае выданне.
Кіраўнік урада Шатландыі Мікола Стэрджэн падала ў адстаўку. На сваёй пасадзе яна знаходзілася з 2014 года. У апошні час Стэрджэн і ўзначаленая ёю Шатландская нацыянальная партыя ўсё часцей аказваліся пад прыцэлам крытыкі. Адной з нагодаў стала тое, што справа прасоўвання шатландскай незалежнасці застапарылася. Еўрапейская прэса абмяркоўвае наступствы адстаўкі. «Магчымасць незалежнасці Шатландыі пасля сыходу Стэрджэн становіцца ўсё менш верагоднай», – піша славенская газета Dnevnik.
«Правыя кансерватары, якія засядаюць у Лондане і якія заўсёды былі палітычнымі пігмеямі ў Шатландыі, і апазіцыйная лейбарысцкая партыя, якая доўгія гады з’яўлялася там вядучай палітычнай сілай, задаволеныя – хутчэй ціха, чым гучна – ейным сыходам. Абедзве сілы выступаюць супраць незалежнасці Шатландыі і мяркуюць, што сыход Міколы Стэрджэн затармозіць яе рух у гэтым кірунку. Верагодна, яны маюць рацыю. Многае залежыць ад таго, хто стане яе пераемнікам і адважыцца ён ці яна, па задумцы Стэрджэн, аб’явіць наступныя шатландскія выбары рэферэндумам аб незалежнасці», – нагадвае славенскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя