24-га лютага ў Беластоку пройдзе акцыя „Разам супраць расейскай агрэсіі”
Падчас прэс-канферэнцыі ў Цэнтры грамадскай актыўнасці была анансавана супольная акцыя „Разам супраць расейскай агрэсіі”, якая пройдзе ў Беластоку 24-га лютага ва ўгодкі ўварвання Расеі ва Украіну.
На акцыю запрашае намеснік прэзідэнта Беластока Пшэмыслаў Тухліньскі:
– А 18-й гадзіне сустрэнемся на Рынку Касцюшкі ў Беластоку, пад помнікам маршалка Юзэфа Пілсудскага, каб быць разам з грамадзянамі Украіны, а таксама з грамадзянамі Беларусі. Гэта па іх ініцыятыве адбудзецца гэты мітынг. Мы хацелі б запрасіць усіх жыхароў Беластока, украінскую і беларускую дыяспару, каб мы сустрэліся ўсе разам.
Запрашэнне для жыхароў горада агучыла прадстаўніца беларускай дыяспары Беластока Наталля Сцяпанцова:
– Запрашаем усіх беларусаў на гэтую акцыю. Гэта важная рэч для нас, каб паказаць, што мы-беларусы разам з украінцамі, падтрымліваем украінцаў. Беларусы ў Беларусі не могуць гэта выказаць адкрыта, але мы тут у Беластоку можам гэта зрабіць. Варта гэта зрабіць, каб паказаць рэжыму, што мы ёсць і мы супраць.
Супольная беларуска-польска-украінская гарадская акцыя „Разам супраць расейскай агрэсіі” з нагоды гадавіны пачатку вайны Расеі супраць Украіны, адбудзецца каля помніка Пілсудскаму на Рынку Касцюшкі ў пятніцу 24-га лютага. Пачатак а 18-й.
Беларускае Радыё Рацыя