Літоўская чыгунка затрымала 15 вагонаў з беларускімі ўгнаеннямі
Груз з карбамідам коштам 320 тысяч еўра рухаўся ў Дубай з перагрузкай у Клайпедскім порце. Пастаўшчык угнаенняў — беларуская кампанія „Тэхнаспецтрэйдзінг”.
Тэлеграм-канал „Беларускі расследвальніцкі цэнтр” разам з калегамі з літоўскага цэнтру Siena высветліў, што „Тэхнаспецтрэйдзінг ” выкарыстоўваецца як пракладка для пастаўкі карбаміду з „Гародня Азот” у абыход санкцый.
„Гародня Азот” у ліку некаторых іншых прадпрыемстваў трапіў пад санкцыі ў сувязі з рэпрэсіямі ў дачыненні да работнікаў, якія ўдзельнічалі ў акцыях супраць фальсіфікацыі выбараў і ў страйках.
Эшалон затрымалі 10 лютага. Цяпер з затрыманым грузам разбіраецца пракуратура, а Літоўская чыгунка абяцае ўзмацніць праверку пастаўшчыкоў з Беларусі на фоне санкцый.