Алег Жлутка: Алесь Бяляцкі разумее сваю ролю як асобы такога маштабу



У Варшаве праваабарончы цэнтр “Вясна” прэзентаваў навуковае даследаванне „Культура і супраціў”. У ім аўтар Таццяна Астроўская аналізуе інтэлігенцыю, іншадумства і самвыдат у савецкай Беларусі 1968-1988 гг. Рэдактарам выдання выступіў Алесь Бяляцкі – cтаршыня “Вясны” і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, які цяпер заходзіцца за кратамі.

Пра палітвязня Алеся Бяляцкага, свежае даследаванне, а таксама моўныя тэндэнцыі наша карэспандэнтка паразмаўляла з Госцем Рацыі – перакладчыкам кнігі Таццяны Астроўскай “Культура і Супраціў” Алегам Жлуткам.

Алег Жлутка: Мне здаецца, што гэтую кнігу варта пачытаць тым, хто цікавіцца беларускімі творцамі таго часу. Асабліва беларускімі літаратарамі. Менавіта як асобамі, як людзьмі. Не як помнікамі, сімваламі былой беларускай літаратуры, а менавіта як жывымі асобамі. У гэтых асоб ёсць свае канкрэтныя рысы, якія выяўляюцца ў нейкіх побытавых дробязях. Гэтыя побытавыя дробязі вельмі важныя, таму што яны агулам маюць такую ўласцівасць вельмі дакладна адлюстроўваць час, ягоныя істотныя асаблівасці, якія іначай былі б не заўважныя. Гэта вельмі цікава. Фактычна тэксты такога кшталту – гэта машына часу. Мы чытаем з перспектывы таго, што ў нас ёсць цяпер, а потым мы пераносімся туды. І мы маем такі досвед супастаўлення таго, што мы маем зараз, гэта ўся тэхналогія, цяперашнія межасабовыя стасункі, палітычная атмасфера, культурная і г.д. і тое, што было тады. І калі мы гэта супастаўляем, то мы выходзім у медапазіцыю, то бок мы маем спосаб узняцца над сабой, цяперашнімі, над знешняй мітуснёй, і паглядзець на гэта з абсалютна іншай перспектывы, з перспектывы трэцяга, з таго, што трошкі па-за часам знаходзіцца. На мой погляд, гэта надзвычай узбагачае, па-першае, а па-другое, рэальнае дае такі ўнутраны спакой, трываласць. Колькі разоў нам ужо казалі, што беларуская мова памірае, альбо такія заявы, што дзяржавы не будзе, ці яшчэ штосьці. І вось мы падымаемся і глядзім. Вось было так, а стала вось гэтак. І яшчэ нешта будзе. Таму гэта карысна.

РР: Ці можаце вы распавесці, у якім стане і як сябе адчувае Алесь Бяляцкі?

Алег Жлутка: Наўрад ці я той чалавек, які можа пра гэта паведаміць. Кантактаў з Алесем Бяляцкім у мяне няма. І наколькі я ведаю, ліставанне зараз ва ўсіх палітвязняў вельмі абмежаванае. То бок, нават калі людзі пішуць лісты, то няма пэўнасці, што яны ўвогуле даходзяць. Часцей яны не даходзяць. Штосьці казаць пра ягоны стан цяжка, хаця, ведаючы спадара Алеся дастаткова шмат гадоў, я думаю, што ён заўсёды меў і зараз мае ўнутраны стрыжань, Алесь заўжды настроены дасягаць сваіх цэляў. Тое, што ён апынуўся за кратамі, гэта не збег абставін, гэта яго свядомы выбар. Мне падаецца, што ён наўрад ці бы прабачыў сабе, калі б ён, напрыклад, з’ехаў, а хтосьці іншы з „Вясны” застаўся. Ён разумее сваю ролю як асобы такога маштабу, ад’езд якой агаляе вялікую дзялянку беларускага фронту. Таму ён зрабіў свой выбар і ён застаецца яму верным. Я магу яму пажадаць толькі поспеху і трываласці.

Цалкам размова:

Яшчэ адна кніга, якую таксама нядаўна прэзентаваў праваабарончы цэнтр “Вясна”, – “Зэкамерон”, якая напісана адвакатам, музыкам, палітвязнем Максімам Знакам.

З перакладчыкам Алегам Жлуткам размаўляла наша карэспандэнтка Марына Савіцкая.