Батумі: сустрэча з прадстаўнікамі выдавецтва «Скарына» з Лондана



22 лютага 2023 году ў грузінскім Батумі ў многафункцыянальнай беларускай прасторы „аКсяродак” адбылася сустрэча з прадстаўнікамі выдавецтва «Скарына» з Лондана.

Выдавецтва створанае ў 2022 годзе пры ўдзеле Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны, яго з’яўленню пасадзейнічала актывізацыя беларускага жыцця і ў Брытаніі. Пра працу выдавецтва і выдадзеныя вадавецтвам кнігі ў Батумі распавядаў яго кіраўнік Ігар Іваноў:

– Час зусім кароткі – 7 ці 8 месяцаў як мы існуем. І ўжо мы выдалі 5 кніг, каляндар і яшчэ дзве паэтычныя кнігі выходзяць на наступным тыдні. Я сам крыху здзіўлены як часта нам атрымліваецца выдаваць. Я вельмі ўдзячны аўтарам. А перадусім удзячны чытачам, якія хочуць чытаць беларускія кнігі.

Спадар Іваноў падзяліўся таксама сакрэтам распаўсюду кніжак ад выдавецтва «Скарына» :

Чакалі, што большасць нашых продажаў будзе праз інтэрнэт, што мы зможам рассылаць поштай. Але потым аказалася, што Брытанія сёння па-за Еўразвязам, і таму вельмі цяжка высылаць кнігі і дорага ў Еўразвяз, таму мы стварылі свой пункт распаўсюду ў Вільні. Адкуль мы высылаем кнігі для Еўразвяза. Але ўсё ж такі з перасылкай нашыя кнігі атрымліваюцца вельмі дарагімі для беларусаў. І таму мы вырашылі, што трэба ехаць у беларускія супольнасці з нашымі кнігамі. Гэта таксама апраўдвае і тлумачыць тую ролю нашага выдавецтва – што кнігі збіраюць супольнасць.

Беларусаў Батумі, якіх на сустрэчу завітала амаль два дзясяткі, таксама цікавіла жыццё беларускай дыяспары ў Вялікай Брытаніі, і Ігар Іваноў з задавальненнем распавёў пра апошнія 70 год працы і жыцця беларусаў у Лондане.

Беларускае Радыё Рацыя