За кантрабанду беларускіх угнаенняў у Літве затрымалі двух чалавек



У Літве працягваецца расследаванне крымінальнай справы за кантрабанду беларускіх угнаенняў, піша партал delfi.lt.

Расследаванне было пачатае 13 студзеня. Яго вядуць крымінальная служба літоўскай мытні пры супрацоўніцтве са службоўцамі Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі і Службы расследавання фінансавых злачынстваў. Гаворка ідзе пра кантрабанду ўгнаенняў беларускай кампаніі „Гродна Азот”, якая трапіла пад санкцыі ЕЗ.

Паведамляецца, што літоўскія службоўцы затрымалі больш за 3000 тон карбаміду, якія перавозіліся чыгункай. Кошт угнаенняў складае больш за 2 мільёны еўра.

У кампаніях трох літоўскіх гарадоў адбыліся ператрусы. Падазраюць, што гэтыя кампаніі маглі ўдзельнічаць у „ценявых” схемах па абыходзе міжнародных санкцый. Праваахоўнікі затрымалі двух падазраваных. У матэрыялах справы гаворыцца, што для прыкрыцця магла выкарыстоўвацца беларуская кампанія, якая не трапіла пад санкцыі ЕЗ.

Хаця „Беларуськалій” і „Гродна Азот” трапілі ў „чорны спіс” ЕЗ, некаторыя заяўляюць, што санкцыі датычаць толькі кампаній, а не іх прадукцыі. Сам карбамід прывозіць нібыта іншая кампанія. Пракуратура звярнулася ў „Літоўскія чыгункі” і ў Міністэрства транспарту Літвы, каб высветліць паходжанне ўгнаенняў, якія знайшлі ў тэрмінале ў Клайпедзе.

Беларускае Радыё Рацыя