Гандбалісты менскага СКА абыгралі у SEHA-лізе



У дывізіёне „Усход” гандбольнай SEHA-лігі стартавалі сустрэчы 1/4 фіналу. У першым чвэрцьфінальным паядынку гандбалісты менскага СКА на пляцоўцы сталічнага спарткомплексу „Уручча” перайгралі гасцей з маскоўскага ЦСКА з лікам 30:26. У суботу „Машэка” згуляе ў Магілёве з „Чэхаўскімі мядзведзямі”. Супернікам гандбалістаў „Гомеля” 26 лютага будзе „Мяшкоў Брэст”, а 27 лютага ў Санкт-Пецярбургу мясцовы „Зеніт” сустрэнецца з „Пермскімі мядзведзямі”.

Сабаленка прайграла ў 1/4 фіналу турніру WTA у Дубаі

Беларуска Арына Сабаленка не здолела выйсці ў паўфінал турніру катэгорыі WTA-1000 у Дубаі з прызавым фондам 2 мільёны 700 тысяч даляраў.  У матчы 1/4 фіналу лепшая беларуская тэнісістка, якая займае другое месца ў сусветным рэйтынгу, прайграла чэшцы Барбары Крэйчыкавай, у якой 30-я пазіцыя, – 6:0, 6:7 (2:7), 1:6. У барацьбе за выхад у фінал Крэйчыкава сустрэнецца з амерыканкай Джэсікай Пегулай.

„Дынама-Шыннік” выйшаў у раўнд плэй-ін Маладзёжнай хакейнай лігі

Хакеісты бабруйскага „Дынама-Шынніка” забяспечылі сабе ўдзел у раундзе плей-ін Маладзёжнай хакейнай лігі. У перадапошнім матчы рэгулярнага чэмпіянату МХЛ юныя дынамаўцы прымалі на „Бабруйск-Арэне” маскоўскае „Дынама”. Сустрэча перайшла ў авертайм, за 13 секунд да канца якога перамогу „Дынама-Шынніку” з лікам 5:4 прынёс Сцяпан Звягін.

Такім чынам, за матч да завяршэння рэгулярнага чэмпіянату падачаленыя Андрэя Міхалёва забяспечылі сабе выхад у раунд плэй-ін Маладзёжнай хакейнай лігі. Беларускі клуб заняў трэцяе месца ў „Срэбраным” дывізіёне Заходняй канферэнцыі, за права згуляць у плэй-оф МХЛ бабруйчане паспрачаюцца з шостай камандай „Залатога” дывізіёна, якая стане вядома пазней.

„Манчэстэр Юнайтэд” абыграў „Барселону” і выйшаў у 1/8 фіналу Лігі Еўропы

У матчы ў адказ 1/16 фіналу Лігі Еўропы «Манчэстэр Юнайтэд» абыграў «Барселону» 2:1. Першымі ў матчы забілі госці. На 18-й хвіліне сіне-гранатавыя зарабілі права на 11-метровы ўдар пасля фолу Бруну Фернандэша ў штрафной, да кропкі падышоў Роберт Левандоўскі, які прабіў у правы кут – Давід дэ Хеа адгадаў напрамак мяча, але не здолеў выратаваць сваю каманду.Астатнія хвіліны першага тайма прайшлі пад перавагай гульцоў „Барселоны”. Другая палова была поўнай супрацьлегласцю першай. Ужо на 47-й хвіліне «Манчэстэр Юнайтэд» зраўняў лік – зрабіў гэта паўабаронца Фрэд пасля перадачы Бруну Фернандэша. На 73-й хвіліне манкуніянцы выйшлі наперад – гол забіў бразільскі вінгер Антані. Каманда Эрыка тэн Хага давяла гэты матч да перамогі і выхаду ў 1/8 фіналу Лігі Еўропы, бо першы матч паміж камандамі завяршыўся ўнічыю – 2:2.  Хет-трык Анхеля Ды Марыі  і перамога 3:0 ў гасцявой гульні супраць французскага «Нанта» вывеў „Ювентус” у наступны раунд. Кур’ёзны аўтагол забіў гулец „Мідзцюлана” Стэфан Гартэнман у канцы матчу Лігі Еўропы са „Спортынгам”, які яго каманда прайграла 0:4. Забіваючы аўтагол датчанін перад пасам брамніку нават не ацаніў яго месцазнаходжанне.

Данецкі „Шахцёр” у серыі пенальці 5:4 абыграў „Рэн” і выйшаў у 1/8 фіналу Лігі Еўропы

Ганскі форвард падпісаў кантракт з „Іслаччу”.

Ганскі форвард Прынс Аду 2003 года нараджэння падпісаў кантракт з „Іслаччу”. Пагадненне разлічана на два гады, паведамляе прэс-служба „ваўкоў”. Прынс Квабена Аду з’яўляецца выхаванцам „Бечэм Юнайтэд”, у складзе якога дэбютаваў у 16-гадовым узросце ў дарослым футболе. У прэм’ер-лізе Ганы гулец правёў 21 матч і забіў 9 галоў. У 2020 годзе Прынс быў уключаны ў лік 60 лепшых маладых талентаў у сусветным футболе па версіі аўтарытэтнага брытанскага выдання „The Guardian”. Аду прыцягваўся да працы з маладзёжнай зборнай Ганы, але з-за траўмы прапусціў фінальную частку Кубка афрыканскіх нацый у 2021 годзе, дзе яго каманда заняла першае месца.

Беларускія барцы заваявалі пяць медалёў на міжнародным турніры ў Арменіі

У сталіцы Арменіі Ерэване завяршыўся міжнародны турнір па вольнай барацьбе імя Лёвы Варданяна сярод спартоўцаў не старэйшых за 23 гады. Спаборніцтвы, прысвечаныя заслужанаму трэнеру зборнай Арменіі, сабралі ў Ерэване 120 спартоўцаў з шасці краін: Беларусі, Расіі, Ірана, Грузіі, Малдовы і Арменіі. У медальным заліку наша каманда заняла трэцяе месца, у актыве беларускіх „вольнікаў” пяць узнагарод (па дзве залатыя і бронзавыя, а таксама адна срэбраная). Пераможцамі турніру сталі Мікіта Дзмітрыеў (вагавая катэгорыя да 70 кг) і Уладзіслаў Казлоў (да 97 кг).

Беларускае Радыё Рацыя