Расея спыніла пастаўкі нафты ў Польшчу па трубаправодзе «Дружба»



Расея спыніла пастаўкі нафты ў Польшчу па трубаправодзе «Дружба», паведаміў у Твітэры галоўны выканаўчы дырэктар польскай нафтаперапрацоўчай кампаніі PKN Orlen Даніэль Абайтэк.

Даніэль Абайтэк дадаў, што кампанія была цалкам гатовая да гэтага. «Толькі 10% сырой нафты паступала з Расеі, і мы заменім яе нафтай з іншых крыніц», — напісаў Абайтэк.

Кампанія імпартавала нафту ў рамках кантракту з расейскай «Татнафтай». Тэрмін дзеяння гэтага кантракту павінен быў скончыцца ў снежні 2024 году.

Агенцтва Reuters адзначае, што пастаўкі спыніліся на наступны дзень пасля таго, як Польшча перадала Украіне першую партыю нямецкіх танкаў «Леапард».

У PKN Orlen заявілі, што кампанія можа цалкам забясьпечваць свае НПЗ марскім транспартам і што спыненне паставак па трубаправодзе не паўплывае на пастаўкі бензіну і дызельнага паліва кліентам.