Раман Арлоў выступіў з сольным акустычным канцэртам у хабе „Новая Зямля”
Беларускі музыка, кампазітар, стваральнік тэатральных праектаў Раман Арлоў даў у беластоцкім хабе «Новая Земля» сольны акустычны канцэрт.
На канцэрце можна было пачуць як старыя песні, вядомыя па выкананні гуртоў «J-морс» і «У нескладовае», так і зусім новыя, якія сам аўтар называе эмігранцкімі. Раман вядомы таксама як аўтар дзвюх рок-фольк-опер – „Чарадзей” і „Еўфрасіння”. І ёсць ужо ідэя трэцяй оперы. У Польшчы, дзе ён зараз жыве, у яго нарадзіўся адмысловы сюжэт.
Кажа Раман Арлоў:
– Зараз мой творчы акцэнт змясціўся на новы мюзікл. Гэта эмігранцкі мюзікл. У якім ёсць эмігранты, а ў кожнага з эмігрантаў ёсць аватар.
РР: То бок, гэты мюзікл адпаведны падзеям, якія сёння адбываюцца?
– Менавіта. Але там яшчэ ёсць містыка і гісторыя. То бок у кожнага эмігранта ёсць аватар, які сочыць за ім і яму дапамагае. У кагосьці гэта Еўфрасіння Полацкая, у кагосці Кастусь Каліноўскі, у кагосьці… далей сакрэты раскрываць не буду. І гэтыя аватары дапамагаюць эмігрантам выстаяць.
Таксама падчас канцэрту Раман Арлоў паведаміў, што ён атрымаў прапанову ад некалькіх вядомых беларускіх рок-музыкаў, якія таксама апынуліся ў Польшчы, стварыць джаз-рокавы гурт, які відавочна паўстане ўжо сёлета.
Беларускае Радыё Рацыя