Ліга Еўропы: вызначыліся паўфіналісты
У футбольнай Лізе Еўропы вызначыліся паўфіналісты. Функцыянерам УЕФА зараз не трэба ламаць галаву пры лёсаванні: у турніры не засталося аніводнага прадстаўніка Расеі. Адзін жа з украінскіх клубаў – „Дніпро” прайшоў у наступны раўнд.
Пецярбургскі „Зеніт”, які прайграў у гасцях у першым матчы „Севільі” 1:2, імкнуўся адыграцца, але прапусціў ужо на 6-й хвіліне – пенальці ўпэўнена рэалізаваў Карлас Бака. Андалузцы, здавалася, упэўнена кантралявалі хаду гульні, але ў другой палове сустрэчы антышоў для сваіх заўзятараў і сяброў па камандзе зладзіў галкіпер Бету. Яго нервовасць і шматлікія памылкі прывялі да галоў Саламона Рандона (48-я хвіліна) і Халка (72-я). „Зеніт” мог забіць і яшчэ, але ўрэшце фартуна ўсьміхнулася мацнейшым: выйшаўшы на замену Кевін Гамейра ўдала рэалізаваў контратаку – выніковыя 2:2, якія вывелі ў паўфінал „Севілью”. Трэба дадаць, што гэты клуб ужо тройчы заваёўваў пачэсны кубкавы трафей.
Італійская „Фіярэнціна” пасля гасцявой нічыі 1:1 у Кіеве, на родным полі ў Фларэнцыі здолела давесці сваю перавагу над кіеўскім „Дынамам” – 2:0. На 43-й хвіліне лік адкрыў Марыё Гомес, а ў другім тайме пад самы занавес толькі выйшаўшы на поле з рэзерву Хуан Варгас зняў усе пытанні. Далей ідуць „браткі”.
Найбольш доўгім шлях ў паўфінал мог выдацца ва ўкраінскай каманды „Дніпро”. Амаль чатыры таймы яна гуляла з бельгійскім „Бруге” без галоў. І толькі на 82-й хвіліне хатняга паядынку ўкраінцы здолелі схіліць шалю вагаў на свой бок – бліскучую камбінацыю эфектна завяршыў Яўген Шахаў – выніковыя 1:0.
Італійскі „Напалі”, які разграміў у першым двубоі германскі „Вольфсбург” – 4:1, дома мог дазволіць сабе фестывальны настрой. І калі першы тайм галоў не прынёс, то ў другім спярша двойчы забілі неапалітанцы (мячы на рахунку Хасэ Кальехона і Дрыса Мертэнса), а потым літасціва дазволілі хоць неяк уратаваць прэстыж нямецкім „ваўкам”. Цім Клозэ і Іван Перышыч трохі падсаладзілі горыч жорсткай паразы – 2:2. Па суме дзвюх сустрэч у паўфінал звышупэўнена прайшлі падначаленыя Рафаэля Бенітэса.
Yauheni Ivin, Беларускае Радыё Рацыя