Андрэй Мялешка: Хачу, каб людзі адчулі частку Радзімы дзесьці далёка за мяжой



Пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў дзясяткі тысяч беларусаў, пазбягаючы пераследу, з’ехалі за мяжу. Чым яны там займаюцца? Напрыклад, малым бізнесам. “Госць Рацыі”– Андрэй Мялешка ў 2021 годзе з’ехаў у Грузію.

РР: Андрэй, ты – журналіст. Але не так даўно падумаў пра свой невялікі бізнес у Грузіі.

Андрэй Мялешка: Я б гэта не назваў бізнесам. Гэта дапамога людзям, каб яны адчувалі частку Радзімы дзесьці далёка ў Грузіі, бачылі беларускія рэчы, якія тут набыць немагчыма. Сябры мне дапамаглі трошкі фінансава, каб адкрыць гэтую невялічкую крамку. Тут можна набыць розныя цішоткі з беларускай сімволікай, розныя значкі, вышыванкі, вышымайкі, сцягі бел-чырвона-белыя, украінскія сцягі.

РР: Як гэта робіцца ў Грузіі? Трэба мець нейкае памяшканне?

Андрэй Мялешка: Я зняў памяшканне. Мікрабізнес аформлены на мяне асабіста тут у Грузіі. І калі ты маеш пасведчанне, што ў цябе мікрабізнес, ты не мусіш плаціць падаткі.

РР: Як прайсці гэтыя афіцыйныя працэдуры? Што трэба, куды трэба звярнуцца?

Андрэй Мялешка: Ідзеш у падатковую інспекцыю, афармляеш на сябе мікрабізнес. Цябе адразу пытаюць: чым ты будзеш займацца? Ці ты будзеш гандляваць, ці будзеш вырабляць нешта ці што іншае? Я сказаў, што гэта будуць нацыянальныя рэчы. І гэта будзе хэндмэйд. Яны пазначылі пяць розных пазіцый. І выдалі мне пасведчанне, што я маю мікарабізнес. Пасля я шукаў па горадзе памяшканне. Знайшоў невялікае памяшканне. Запытаўся ва ўласніка, колькі ён хоча за арэнду. Ён захацеў прыкладна 150  даляраў у месяц. Я аддаў гэтыя грошы. І вось люты месяц я  ў гэтым памяшканні займаюся тым, што расстаўляю рэчы, прадаю іх. Ніякіх пытанняў ад падатковых органаў да мяне няма.

РР: Ці мае тут значэнне грамадзянства? Наколькі ведаю, у цябе грузінскага грамадзянства няма.

Андрэй Мялешка: Абсалютна не мае ніякага значэння. Тут адчыняюць падобныя месцы і ўкраінцы, і беларусы, і казахі, і рускія, і малдаване, вельмі шмат туркаў.

РР: Крама разлічана ў асноўным на беларусаў. Але ці толькі на беларусаў у Грузіі? Ці яшчэ на беларусаў у бліжэйшым і далёкім замежжы?

Андрэй Мялешка: Ужо ёсць замовы ад беларусаў, якія жывуць у Турэччыне. Ёсць замовы ад беларусаў з Арменіі. У мяне вельмі добрыя стасункі з беларусамі Вялікабрытаніі і беларусамі, якія зараз жывуць у Італіі. Таксама ў мяне ёсць кантакты з беларусамі Мексікі, якія таксама нешта замаўляюць. І ёсць некалькі чалавек зараз у Інданэзіі і на Гоа, якія таксама замаўляюць беларускія рэчы.

РР: Крама мае ўжо сваю назву?

Андрэй Мялешка: Так. Крама называецца Batumiby.GE – гэта азначае: Батумі, Беларусь, і мы знаходзімся ў Грузіі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: з асабістай старонкі Андрэя Мялешкі ў Фэйсбук