Агляд прэсы: новая надзея



Кітай і Беларусь заклікаюць да спынення агню ва Украіне. Змена эпох у Германіі. Сербія і Косава: маецца кампраміс? Новы лідар дэмакратаў у Італіі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Сумесны заклік да спынення вайны ва Ўкраіне прагучаў падчас сустрэчы ў Пекіне паміж Лукашэнкам, блізкім саюзнікам Расеі, і яго кітайскім калегам Сі Цзіньпінам. Гэта азначае адабрэнне кітайскай мірнай прапановы з 12 пунктаў, апублікаванай у пятніцу, якая заклікае паважаць тэрытарыяльную цэласнасць усіх краін», – піша амерыканская газета The Washington Examiner.

„Аднак у мірнай прапанове Кітая не гаворыцца, што будзе з рэгіёнамі, якія Расея акупавала пасля ўварвання, і не ўказваецца, як павінен ісці мірны працэс, і таму яна не атрымала вялікай падтрымкі. Кітай даўно падтрымлівае цесныя адносіны з Лукашэнкам, і пасля іх перамоваў абодва лідары назіралі за падпісаннем шэрагу пагадненняў аб супрацоўніцтве ў розных сферах: ад сельскай гаспадаркі да мытнага кантролю і спорту. Паездка беларускага дыктатара таксама паказвае глыбіню сувязяў Пекіна з расейскім лідарам Уладзімірам Пуціным і яго саюзнікамі. Пры гэтым Кітай заяўляе, што з’яўляецца нейтральным бокам у канфлікце і падтрымлівае кантакты з урадам прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, які асцярожна вітаў удзел Пекіна, але сказаў, што поспех будзе залежаць ад дзеянняў, а не ад словаў. Варта зважаць, што ўласная пазіцыя, прадэманстраваная свету адданнем тэрыторыі расейскім войскам, пакінула Лукашэнку ў яшчэ большай ізаляцыі ў Еўропе, дзе яго краіна сутыкаецца з санкцыямі з боку Еўразвяза за яе ролю ў вайне і рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць унутранай апазіцыі», – піша амерыканскае выданне.

«Мы перажываем змену эпох, што азначае: свет пасля гэтага ўжо не будзе ранейшым», – заявіў канцлер ФРГ Олаф Шольц у сувязі з поўнамаштабнай вайной Расеі супраць Украіны, якая развярнулася год таму. Словы Шольца абудзілі нямала надзей і чаканняў у Еўропе: няўжо Нямеччына здолее пераадолець сваю стрыманасць у ваенным плане, зменіць палітыку ў дачыненні да Расеі і зноўку адрыхтуе сваю пазіцыю як аднаго з лідараў заходняга свету? Аглядальнікі настроены скептычна. «Нягледзячы на ўсе абяцанні, Нямеччына, здаецца, слаба пераўзбройваецца», – адзначае брытанскі часопіс The Economist.

«Занадта мала прыкметаў таго, што аб’ём новых ваенных заказаў і пакупак стабільна расце. У сваёй прамове Шольц абяцаў, што Нямеччына «з гэтага часу год за годам» будзе выдзяляць на абарону больш за два працэнты ВУП – такая не абавязковая да выканання мэта, была пастаўленая НАТО яшчэ ў 2006 годзе. Нямеччына гэтай мэты ніколі не дасягала. Нягледзячы на абяцанні, у 2022 годзе гэтая мэта таксама не была дасягнута (на абарону было выдзелена каля 1,5 працэнты). Тое ж самае, судзячы па ўсім, будзе мець месца і ў гэтым, і ў наступным гадах. Змена эпох не павінна стаць тым паваротам, які Нямеччына правароніць, пакінуўшы ўсё без зменаў», – адзначае брытанскае выданне.

Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч і прэм’ер-міністр Косава Альбін Курці ў панядзелак сустрэліся ў Бруселі з кіраўніком знешнепалітычнага ведамства ЕЗ Жазэпам Барэлем для таго, каб абмеркаваць франка-германскі план па ўрэгуляванні сітуацыі ў Косава. Яшчэ нічога не падпісана, але, па словах Барэля, прапанова можна лічыць прынятай: пытанне толькі ў канкрэтнай яго рэалізацыі. Нямецкая газета Taz называе пагадненне фарсам.

«Еўропа ў асобе ЕЗ цяпер адкрыта выступае за палітыку этнічнага падзелу, яна мае намер праціснуць ідэю стварэння асацыяцыі сербскіх абшчын, з усімі сімвалічна негатыўнымі наступствамі для суіснавання грамадзян на тэрыторыі ўсяго заходнебалканскага рэгіёна. ЕЗ і ЗША зараз заклапочаныя не прасоўваннем дэмакратычных каштоўнасцяў і правоў чалавека на Балканах, але дасягненнем кампрамісу з сербскім лідэрам Аляксандрам Вучычам, які праяўляе аўтакратычныя замашкі. Яны хочуць вырваць яго з кіпцюроў Пуціна. Няўжо амбасадар ЗША ў Сербіі Крыстафер Хіл і сапраўды верыць у тое, што здрадзіўшы дэмакратыі і правам чалавека можна змяніць Вучыча і настроіць яго супраць Пуціна?», – задаецца рытарычным пытаннем нямецкае выданне.

Кіраўніком Дэмакратычнай партыі Італіі ўпершыню абрана жанчына – Элі Шлейн. Прыняць удзел у галасаванні, якое адбылося ў нядзелю, былі запрошаны ўсе прыхільнікі сацыял-дэмакратаў, незалежна ад таго, маюць яны на руках партыйны білет ці не. Еўрапейскія СМІ не хаваюць сваёй радасці наконт такога выбару. «Перад Элі Шлейн зараз стаіць няпростая задача», – такое меркаванне выказвае французская газета Mediapart.

«Гэтая задача – пачатак сапраўдных унутраных дэбатаў для ўдакладнення палітычнай лініі, фармавання партыйнага кіраўніцтва, пытанне пра саюзы ды развіццё жорсткай і надзейнай апазіцыі да вельмі правага ўрада. Аднак варта адзначыць і наступнае: ноч, у якой знаходзяцца італьянскія левыя, нарэшце вось азарыў пробліск надзеі, упершыню за многія гады. Але для таго, каб першапачатковае натхненне ператварылася ў рэальную імпрэзу, запатрабуецца мноства пераможных бітваў. У Элі Шлейн ёсць здольнасці і сілы для таго, каб узначаліць гэты працэс і пазбегнуць пастак, якія з гэтага часу будуць расстаўляць ёй як «сябры», так і ворагі», – папярэджвае французскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя