Уладзімір Пугач: У нашых прыхільнікаў даволі шырокі ўзроставы дыяпазон



Госць Рацыі – Уладзімір Пугач (J:МОРС) распавядае пра сваю дзейнасць і пра канцэрт, які мае адбыцца ў Беластоку. З ім размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.

РР: Мы ўжо пачалі гаварыць пра гэты 2020 год, які шмат каго змяніў. Я даўно сачу за вашай творчасцю і ў прынцыпе я хацеў бы ведаць, ці быў у вас нейкі такі пэўны момант, калі вы зразумелі, што не, не мая гісторыя. Бо тэарэтычна можна ж, як сёстры Груздзевы, адзецца ў чырвона-зялёную сукенку, у сукенку расейскую.

Уладзімір Пугач: О-ёй-ёй. Я бачыў гэты мем.

РР: Ці быў у вас пэўны момант, што вы падумалі: не гэта не мая гісторыя, я не хачу гэтага?

Уладзімір Пугач: Ведаеце, такое стаўленне, што я не цікаўлюся палітыкай яно можа існаваць, але вось у сітуацыі, калі адбываецца нармальнае палітычнае жыццё ў краіне. Тое, што адбывалася летам 2020 года, я аб гэтым шмат разоў казаў і шмат разоў пісаў, гэта больш было падобнае на барацьбу дабра са злом. Гэта для мяне ўжо больш такое не палітычнае, а нешта звязанае з сумленнем, з тым, як ты адносішся не да палітыкі, а да жыцця наогул. І я заўважыў, што шмат каго з беларусаў лета 2020 года закранула вельмі персанальна. Таму што гэты гвалт і жахі, якія пачаліся яшчэ да выбараў, нагадаю, у ліпені гэта было, першае гэтае сутыкненне з ГУБОПіКам і АМАПам.

І ў мяне быў такі пэўны момант, я так сабе юзар “Фэйсбука”,  і ў ліпені 2020 года напісаў даўжэзны пост пра тое, як я стаўлюся да таго, што адбываецца, да несправядлівасці, да гвалту, да жахаў, да жорсткасці. І пасля гэтага паста я трапіў у нейкі там сайт здраднікаў. Былі такія модныя сайты, ліст здраднікаў. Потым абструкцыя прадоўжылася, потым адмены канцэртаў, ну, і ўсё так і пайшло.

Мы ездзілі гралі там канцэрты для шахцёраў, карацей, як у большасці беларускіх музыкаў усё склалася.

РР: Атрымліваецца, камфортна вам было да таго 2020 года, пераломнага? Бо мы вельмі часта гаворым, што насамрэч творчасць рабіць у Беларусі вельмі складана, паколькі няма вось гэтага рынку. Як гэта нармальна працуе – ты робіш нейкі прадукт, прадаеш яго. А ў Беларусі інакш гэта адбываецца, напрыклад, у маленькі гарадок прыязджае Саладуха, і цёткі з прафсаюза ўпіхваюць людзям квіткі – вось ідзіце на гэтага Саладуху. Як вы існавалі ў Беларусі да гэтага?

Уладзімір Пугач: А можна запытацца, як даўно ты з’ехаў з Беларусі.

РР: Я з’ехаў 10 гадоў таму.

Уладзімір Пугач: Вось менавіта 10 гадоў таму так і было, што менавіта асноўныя пляцоўкі Беларусі можна было займаць, назавём іх у косках, “эстраднымі артыстамі”. Але даволі моцна ўсё змянілася прыкладна да года 2015, калі на пляцоўках стала з’яўляцца добрая апаратура, добрае абсталяванне для жывога канцэрта. І ўсё гэта стала развівацца, і мы даволі павольна сябе адчувалі, і ездзілі, і рабілі туры па Беларусі нават два разы ў год. І нават на адносна невялікіх пляцоўках можна было нармальна зрабіць гук, і прыходзілі людзі. У нас ніколі з гэтым праблем не было апошніх, можа, год 10.

РР: Цёткі з прафсаюзаў не бегалі?

Уладзімір Пугач: Цёткі з прафсаюзаў, можа, і былі. Але калі паглядзець, калі будзеш на нашым канцэрце заўтра, паглядзі, хто ходзіць на наш канцэрт. У нас даволі такі шырокі ўзроставы дыяпазон, ад 18 нават да 50 бывае. Але калі ты маеш на ўвазе схему, як працуе Саша Саладуха, які там тэлефануе на прадпрыемствы і сам “упарывае” квіткі, мы так ніколі не рабілі і большасць незалежных беларускіх музыкаў, таму што я больш за 20 гадоў кар’еры J:МОРС ні разу не супрацоўнічаў афіцыйна ні з якай дзяржаўнай установай.

РР: На “Славянскім барзары” не былі ні разу, туды цяжка патрапіць было?

Уладзімір Пугач: Пакуль там запрашалі і плацілі грошы, ганарар, мы там два ці тры разы былі. А потым яны вырашылі, што лепш мы заплацім там 50 тысяч даляраў Меладзэ, і беларускія артысты паедуць там бясплатна. Вось так яны ставіліся да сваіх артыстаў.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя