Агляд прэсы: толькі так!
«Тэрырыст-крымчанін», затрыманы ў Беларусі – інсэцніроўка? Грузія: пратэсты супраць закона аб «замежных агентах». Дыверсія на Паўночным патоку: ці вядуць сляды ва Украіну? У Лондане вырашаюць пытанне лодак з мігрантамі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Лукашэнка прызнаў факт нападу на дарагі расейскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і навядзення, які знаходзіўся на беларускім ваенным аэрадроме Мачулішчы. Таксама ён ускосна прызнаў, што самалёт сапсаваны. У арганізацыі атакі Лукашэнка абвінаваціў ЦРУ, СБУ і асабіста Зяленскага, якога тройчы назваў «гнідай», – піша расейскае выданне Graniru.
«Пра атакаваны самалёт у Беларусі доўга захоўвалі маўчанне – відавочна, пакуль не скончыцца візіт самаабвешчанага прэзідэнта Беларусі ў Кітай і не атрымаецца прадставіць «пераможную» версію падзей. У выніку «тэрарыстам” прызначылі 29-гадовага крымчаніна Мікалая Швеца, які мае падвойнае грамадзянства – Украіны і Расеі. Лукашэнка назваў яго «расейцам». А затрымалі гэтага напаўголага мужчыну ў доме Алега Сычова, друкара кнігавыдавецтва «Зміцер Колас», затрыманага разам з жонкай раней сілавікамі.
Першапачаткова меркавалася, што КДБ арыштавала яго за кнігу пра сталінскія рэпрэсіі. Самі жыхары паселішча затрымання, паказанага ў тэлеверсіі, не заўважылі. Складваецца ўражанне, што сілавікі маглі спецыяльна прывезці ў Бараўляны Швеца для здымкі затрымання і стварэння ілюзіі маштабнай змовы, якую яны могуць прадаць свайму гаспадару. Пра гэта сведчаць масавыя ператрусы і затрыманні па ўжо вядомых ім адрасах», – падсумоўвае расейскае выданне.
У Грузіі ўжо некалькі дзён не сціхаюць масавыя пратэсты супраць прадстаўленага ўрадам законапраекта, які прадугледжвае навешванне ярлыка «замежнага агента» на СМІ і НДА, якія атрымліваюць фінансаванне з-за мяжы. Законапраект вельмі падобны да адпаведнага закона, які ўжо дзейнічае ў Расеі. На фоне шырокага пратэсту грамадскасці ў чацвер раніцай урад адклікаў сваю ініцыятыву. Артыкулы ў еўрапейскай прэсе, якія з’явіліся яшчэ да рашэння ўладаў адклікаць закон, дазваляюць зразумець, колькі шмат зараз стаіць на коне. «Брусель проста абавязаны нешта зрабіць», – піша гішпанская газета El Mundo.
«Цень Крамля зноў навіс над Грузіяй, у якую пуцінская армія ўжо ўрывалася ў 2008 годзе. Тады Расея акупавала пятую частку тэрыторыі краіны, і паднесла першы кнот да парахавой бочкі, якая цяпер узарвалася ва Украіне. Тысячы грамадзян Грузіі выйшлі на вуліцы ў знак пратэсту супраць законапраекта, які стаў бы вехцем ў роце прэсы і няўрадавых арганізацый. Дэмакратычныя памкненні грузінаў і іх мара аб уступленні ў ЕЗ літаральна выцякаюць скрозь пальцы. Грузія размахвае зорным сцягам ЕЗ як сігнальнай ракетай, і патрабуе дапамогі ад Бруселя, які да гэтага часу так і не даў краіне статусу кандыдата на ўступленне ў шэрагі супольнасці. Еўразвяз павінен пачуць сірэны трывогі да таго, як агонь, які разгарэўся на заднім двары Расеі, паглыне яшчэ адну тэрыторыю», – заклікае гішпанскае выданне.
Расследаванне з мэтай устанаўлення вінаватага ў падрыве газаправодаў «Паўночны паток» працягваецца. У той жа самы час у прэсе з’явіліся паведамленні пра тое, што ў распараджэнні спецслужбаў ёсць інфармацыя, паводле якой сляды падрыву нібыта вядуць ва Украіну. Так, мяркуецца, што дыверсію магла здзейсніць нейкая праўкраінская групоўка. Еўрапейская прэса зазначае, што да поўнай яснасці яшчэ далёка. Харвацкая газета Večernji list дае наступны каментар.
«Паведамленне пра тое, што чыноўнікі ведамстваў ЗША на аснове дадзеных, сабраных спецслужбамі, прыйшлі да высновы, быццам за разбурэннем газаправода «Паўночны паток-2» у верасні мінулага года стаіць нейкая «праўкраінская групоўка», здольна выклікаць неспакой сярод саюзнікаў і партнёраў. Газета The Times у сваім аналітычным артыкуле піша, што заходнія ўрады і спецслужбы наўмысна не публікуюць ніякіх падрабязнасцяў, якія маглі б указваць на такі ўдзел украінскіх сіл для таго, каб абараніць Украіну ці ж не дапусціць паслаблення кааліцыі», – адзначае харвацкае выданне.
Брытанскі ўрад плануе радыкальна ўзмацніць жорсткасць заканадаўства ў сферы прадастаўлення палітычнага прытулку. Такім чынам яно спадзяецца ўтрымаць мігрантаў, якія імкнуцца патрапіць у краіну, ад ідэі паспрабаваць ажыццявіць гэта нелегальна – праз Ла-Манш. Законапраект прадугледжвае, што мігрантаў, якія трапілі ў краіну такім спосабам, будуць выдвараць за яе межы без усялякага судовага разбіральніцтва, і адпраўляць альбо на радзіму, альбо ў трэцюю краіну. Паколькі закон супярэчыць міжнароднаму заканадаўству, якое гарантуе права хадайніцтва аб прытулку, большасць аглядальнікаў скептычна ставіцца да перспектыў яго прыняцця. «Гэты манеўр наўрад ці забяспечыць Сунаку і яго партыі поспех на выбарах», – такое меркаванне выказвае нямецкая газета taz.
«Мяркуючы па ўсім, Сунак спадзяецца заваяваць сімпатыі выбаршчыкаў, узяўшы за грудкі суіскальнікаў прытулку, бо яму не ўдалося дабіцца ніякага прагрэсу ў вырашэнні больш надзённых праблем, такіх як павышэнне выдаткаў на жыццё, рост беднасці, раскрытыя пустатой паліцы супермаркетаў: у тым ліку і з-за недахопу замежных працоўных рук. Закон аб прадастаўленні прытулку не толькі бесчалавечны, але і ўяўляе сабой найвялікшае глупства. Пачынаючы з 2015 года, адзін брытанскі ўрад за другім спрабаваў паставіць заслон на шляху лодак, якія перасякаюць Ла-Манш. Новы закон у гэтым плане нічога не зменіць, таму што да таго часу, калі ён уступіць у сілу, гэты ўрад торы, спадзяемся, кане ў Лету!», – гіранізуе нямецкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя