Васіль Сегень: Гэта быў чалавек адданы сваёй Бацькаўшчыне
На 85-ым годзе жыцця памёр Ян Сычэўскі. Былы дэпутат польскага Сейму, шматгадовы старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы. Госць Рацыі – цяперашні кіраўнік гэтай арганізацыі Васіль Сегень. З ім размаўляе наш карэспандэнт Міхал Андрасюк.
РР: Як вы ўспамінаеце нябожчыка Яна Сычэўскага? Шмат гадоў былі вы ягоным намеснікам у БГКТ.
Васіль Сегень: Так, для нашага беларускага асяроддзя, у першую чаргу звязанага з Беларускім грамадска-культурніцкім таварыствам, гэта велізарная страта і вялікі смутак. Вялікі сум па страце вялікага беларуса.
Мае асабістыя ўспаміны пра Яна Янавіча вельмі цёплыя. Гэта быў добры чалавек, прычым вельмі адданы сваёй малой айчыне, Бацькаўшчыне, для якой аддаў вялікі кусок свайго жыцця. Адданы бязмежна, можна сказаць. Гэта яго заклапочанасць пра лёс нашай роднай беларускай культуры проста не мае сабе іншых прыкладаў, чым яго заангажаванасць у нашую дзейнасць і захаванне нашай роднай культуры.
РР: Патрыёт малой айчыны, але адначасова Ян Сычэўскі быў постаццю неадназначнай у вялікай палітыцы. Напрыклад, падтрымліваў сувязь з уладамі Беларусі, што не ўсім падабалася, шмат хто крытыкаваў гэта.
Васіль Сегень: Ведаеце, Яна Сычэўскага можна любіць, можна не любіць яго погляды, з яго поглядамі можна пагаджацца ці не пагаджацца, але тыя аграмадныя заслугі, якія ён паклаў для нашай роднай беларускай культуры, неаспрэчныя. Не будзе ніводнага чалавека, прынамсі не павінна быць такога, хто гэта б аспрэчваў і адбіраў яго гонар за тое, што ён зрабіў на ніве нашай беларускай культуры тут, у Польшчы. А калі нехта б гэта рабіў, то быў далёка не аб’ектыўным чалавекам.
А вось, калі вы згадалі пра палітычныя погляды, стаўленне да Беларусі ці да актуальных уладаў Беларусі – кожны чалавек мае сваю, як кажуць, вольную волю, і яму выбіраць і рашаць, якія ў яго будуць погляды на розныя справы. У яго былі вось такія.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя