Агляд прэсы: Вецер перамен
У Беларусі антырасейскія партызаны ладзяць дыверсіі на чыгунцы. Пытанне НАТО: венгерская дэлегацыя ў Стакгольме і Хельсінкі. Вынікі пратэстаў у Грузіі: «закон» адкліканы. Новы Прэзідэнт у Чэхіі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Пасля таго, як Расея ўварвалася ва Украіну, партызаны ў Беларусі пачалі здзяйсняць дыверсіі на чыгунцы сваёй краіны, у тым ліку падрываць пуцявое абсталяванне, каб паралізаваць рэйкі, якія расійскія сілы выкарыстоўвалі для дастаўкі войскаў і зброі ва Украіну», – перадае амерыканская газета Los Angeles Times.
«Беларусы не дазволяць расейцам свабодна выкарыстоўваць тэрыторыю для вайны з Украінай, і хочуць прымусіць іх з’ехаць. І расейцы ўжо павінны разумець, на чыім баку насамрэч ваююць беларусы. Больш чым праз год пасля таго, як Расея выкарыстала тэрыторыю свайго суседа і саюзніка для ўварвання ва Украіну, Беларусь працягвае размяшчаць расейскія войскі, а таксама ваенныя самалёты, ракеты і іншую зброю. Беларуская апазіцыя асуджае супрацоўніцтва, і ўзнік партызанскі рух, каб перашкодзіць дзеянням Крамля як на месцы, так і ў інтэрнэце. Тым часам аўтарытарная ўлада Беларусі спрабуе расправіцца з дывэрсантамі пагрозамі смяротнага пакарання і працяглых турэмных тэрмінаў. Актывісты кажуць, што атакі на чыгунцы прымусілі расейскіх вайскоўцаў адмовіцца ад выкарыстання цягнікоў для адпраўкі войскаў і матэрыяльных сродкаў ва Украіну», – піша амерыканскае выданне.
Цягам многіх месяцаў Венгрыя цягне час і не спяшаецца даваць згоду на ўступленне Швецыі і Фінляндыі ў НАТО. На гэтым тыдні ўрад Венгрыі накіраваў у Стакгольм і Хельсінкі дэлегацыю на чале з намеснікам старшыні венгерскага парламента Чабай Хендэ з мэтай вядзення перамоваў па гэтым пытанні. Прэса разважае пра тое, якія мэты пераследуе Орбан тактыкай прамаруджвання, і ці скончыцца яна поспехам. «А наогул Фінляндыю і Вугоршчыну звязвала даўняе сяброўства», – заўважае венгерская газета Népszava.
«Спрабуючы выслужыцца перад адным з самых злавесных дыктатараў XXI стагоддзя, які не хавае сваіх намераў заняволіць суседзяў, краіна-сябра НАТО Венгрыя вось ужо на працягу многіх месяцаў блакуе ўступленне ў альянс еўрапейскай дзяржавы, якая няхай і мае магутнае войска, аднак пры гэтым на працягу стагоддзяў вымушана існаваць пад пагрозай расейскага ціску. 250 гадоў бескарыслівага сяброўства паміж нашымі краінамі выкінуты на вецер, і ўсё дзеля таго, каб Віктар Орбан змог зарабіць яшчэ адзін бал у вачах Расеі, якая ў той жа гістарычны перыяд сістэматычна прыніжала і душыла і саму Венгрыю. Усё гэта не можа не прыгнечваць», – адзначае венгерскае выданне.
На фоне масавых пратэстаў урад Грузіі вырашыў пакуль што адклікаць прапанаваны было парламенту закон «Аб празрыстасці замежнага ўплыву». Гэтае новаўвядзенне, пашытае па расейскіх лекалах, дазволіла б наважваць на СМІ і іх супрацоўнікаў, а таксама на няўрадавыя арганізацыі ярлык «замежных агентаў», і такім чынам у значнай ступені абмяжоўваць іх дзейнасць. Еўрапейская прэса аддае належнае грамадзянскай супольнасці Грузіі, а таксама заклікае і надалей не губляць пільнасць. Нямецкая газетаHandelsblatt аддае даніну павагі рашучасці пратэстоўцаў.
«Той факт, што закон быў адкліканы – гэта цалкам і цалкам заслуга грамадзянскай супольнасці, якая выйшла на вуліцы з мэтай абараніць свае правы і свабоды і шлях краіны ў Еўропу. Больш за тое, пратэсты ў Тбілісі таксама накіраваныя супраць уплыву Расеі ў краіне, які па-ранейшаму застаецца вельмі моцным. Хоць у мінулым годзе Грузіі было адмоўлена ў статусе кандыдата ў члены ЕЗ, цяпер грамадзяне Грузіі ўсталі на абарону менавіта еўрапейскіх каштоўнасцяў. Людзі ўсёй Еўропы павінны браць прыклад з грамадзян Грузіі, бо ні свабода прэсы, ні свабода слова, ні свабода ад расейскага ўплыву ў нашы дні не могуць лічыцца нечым, што само сабой разумеецца», – папярэджвае нямецкае выданне.
У чацвер у Празе быў прыведзены да прысягі новы прэзідэнт Чэхіі Пётр Павел. Яму 61 год, ён – генерал арміі ў адстаўцы і ў мінулым займаў пасаду старшыні ваеннага камітэта НАТО. У адрозненне ад сваіх папярэднікаў Клаўса і Зэмана, ён займае празаходнюю і праеўрапейскую пазіцыю. Менавіта ў гэтай сувязі аглядальнікі прадказваюць краіне вяртанне да прынцыпаў і каштоўнасцяў эпохі Вацлава Гавела, гэта значыць усяму таму, што за апошнія гады было адсунута на задні план. Славацкая газета Pravda зыходзіць з таго, што ў Чэхіі ў главу кута зноў будуць пастаўленыя правы чалавека.
«Калі Вацлаў Клаўс рабіў упор на крытыку Еўрапейскага саюза, а Мілаш Зэман – на развіццё адносін з Кітаем, Расеяй ды іншымі постсавецкімі рэспублікамі, то Пётр Павел, мяркуючы па ўсім, вернецца ў рэчышча знешняй палітыкі, якая праводзілася ў свой час Вацлавам Гавелам. А гэта азначае, што на пярэдні план зноў выйдзе абарона правоў чалавека. Акрамя таго, важную ролю будзе адыгрываць трансатлантычнае партнёрства. З іншага боку, супрацоўніцтва ў рамках Вішаградскай групы напэўна аслабне, паколькі Прага не можа знайсці агульнай мовы з Будапештам», – прагназуе славацкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка