Агляд прэсы: калі бракуе прагматызму
Чаму ЕЗ мяккі да Лукашэнкі? Швейцарыя адмовілася ад зброі, якую мог выкарыстоўваць Кіеў. Дыверсія на Паўночным патоку: куды вядуць сляды? Візіт Рышы Сунака ў Парыж. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«У вайне Уладзіміра Пуціна супраць Украіны Беларусь адназначна з’яўляецца краінай-памочнікам. Але чаму ЕЗ так мякка ставіцца да Аляксандра Лукашэнкі, якога часта называюць «апошнім дыктатарам» Еўропы?», – задаецца пытаннем еўрапейскае выданне EurоActiv.
«Прыкладна чвэрць расейскіх войскаў, якія ўварваліся ва Украіну, прыйшлі з беларускай тэрыторыі. Войскі былі ўведзеныя пад прыкрыццём правядзення вучэнняў. Паводле звестак ЦРУ, беларуская чыгунка выкарыстоўвалася для перапраўкі каля 30 тысяч расейскіх вайскоўцаў ва Украіну, а беларускія шпіталі выкарыстоўваліся для лячэння параненых расейскіх салдат. Самыя жудасныя ваенныя злачынствы, выяўленыя дагэтуль, у Бучы і Ірпені — гэта ўчынкі расейскіх войскаў, якія прыйшлі з Беларусі. У адказ ЕЗ увёў санкцыі, але многія прадстаўнікі буйнога бізнэсу, звязаныя з найбліжэйшым атачэннем Лукашэнкі, званыя «гаманцамі Лукашэнкі», застаюцца па-за дзеяннем санкцый ЕЗ. Прычына гэтаму толькі адна. Еўрапейскія дыпламаты ведаюць пра планы Крамля паглынуць Беларусь. Гэта азначала б даставіць расейскую ядзерную зброю да межаў Латвіі, Літвы і Польшчы, усіх трох чальцоў NATO. Паведамляецца, што на тэрыторыі Беларусі ёсць ядзерныя ракеты «Іскандэр», і Пуцін казаў аб мадэрнізацыі беларускіх знішчальнікаў Су-25 для нясення ядзернай зброі. Не ў інтарэсах Захаду рабіць крокі, якія яшчэ глыбей заштурхнуць Лукашэнку ў «абдымкі» Пуціна. Хто ведае, магчыма, Лукашэнка нават правядзе ў Менску новыя мірныя перамовы ў залежнасці ад таго, як будзе развівацца сітуацыя ва Украіне. Гэта не той варыянт, якому Захад аддае перавагу – але калі ён даступны, навошта яго страчваць?», – задаецца рытарычным пытаннем еўрапейскае выданне.
Узброеныя сілы Швейцарыі ліквідуюць свае запасы зенітна-ракетных комплексаў «Rapier». Размова ідзе аб распрацаваных яшчэ ў 1960-я гады брытанскіх ЗРК. Знішчэнню падлягаюць каля 60 комплексаў, якія знаходзяцца ў працоўным стане. «Пікантная і ганебная падрабязнасць: заключаныя з Вялікабрытаніяй дамовы дазваляюць Швейцарыі прадаць або перадаць гэтыя ЗРК Лондану, які тэарэтычна мог бы адправіць Украіне», – піша нямецкая газета Nau.
«Але такія «дзіўныя ідэі» швейцарскі бок не наведваюць: лепш жа проста знішчыць ЗРК і, як нядаўна падкрэсліў прэзідэнт Швейцарыі Ален Берс, як мага хутчэй пачаць перамовы з Масквой аб «міры». У той час як Швейцарыя дэмантуе гарматы, Кіеў цалкам мог бы выкарыстаць іх у вайне ва Украіне. Юрыдычна гэта таксама было б магчыма, бо ракеты Rapier паходзяць з брытанскай вытворчасці. Для іх дзейнічаюць іншыя правілы, чым для швейцарскай зброі. Швейцарыя ніколі не пыталася ў Лондана, ці ёсць цікавасць у гэтым. У выніку яна вырашыла ўтылізаваць зброю: патэнцыйная дапамога Украіне трапіць на сметнік», – падсумоўвае нямецкае выданне.
Расследаванне з мэтай устанаўлення вінаватага ў падрыве газаправодаў Паўночны паток працягваецца. У той жа самы час у прэсе з’явіліся паведамленні пра тое, што ў распараджэнні спецслужбаў ёсць інфармацыя, паводле якой сляды падрыву нібыта вядуць ва Украіну. Так, мяркуецца, што дыверсію магла здзейсніць нейкая праўкраінская групоўка. Еўрапейская прэса зазначае, што да поўнай яснасці яшчэ далёка. «Тут напрошваецца мноства версій і тлумачэнняў», – адзначае аўстрыйская газета Der Standard.
«Адразу ж пасля выбухаў многія эксперты, а таксама некаторыя заходнія ўрады выказалі здагадку, што гэтая дыверсія – справа рук Расеі. Аднак па сутнасці тэзіс пра тое, што Масква ўзарвала ўласныя трубаправоды, з самага пачатку меў вельмі хісткія падставы. Магчымы матыў: Крэмль, маўляў, паспрабаваў такім чынам выклікаць у немцаў страх перад халоднай зімой – здаваўся занадта надуманым. Яшчэ невядома, куды насамрэч завядуць новыя сляды. «Праўкраінскімі» могуць апынуцца як заходнія спецслужбы, так і расейскія супернікі курсу на вайну, абранага Уладзімірам Пуціным. Нельга выключаць і той версіі, што гэта была аперацыя пад фальшывым сцягам, пры дапамозе якой Крэмль спрабуе дыскрэдытаваць Украіну», – папярэджвае аўстрыйскае выданне.
Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Рышы Сунак адправіўся ў Парыж, дзе ён сустрэўся з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам. Гэта першая сустрэча на вышэйшым узроўні за апошнія пяць гадоў. Пасля выхаду Вялікабрытаніі з ЕЗ адносіны паміж Лонданам і Парыжам прыкметна аслабіліся. Галоўнай тэмай цяперашняга саміту стала каардынацыя дзеянняў і падыходаў у пытаннях міграцыі. Аглядальнікі выказваюць спадзяванне, што адносіны паміж дзвюма краінамі выйдуць на новы этап. Брытанская газета Financial Times спадзяецца на тое, што гэта не апошняя сустрэча.
«Было б у інтарэсах як Еўропы, так і Вялікабрытаніі, калі б за сустрэчай у Парыжы адбыліся аналагічныя двухбаковыя сустрэчы ў Берліне і іншых сталіцах. Акрамя таго, Сунак павінен выкарыстоўваць імпульс, створаны дасягненнем пагаднення па Паўночнай Ірландыі, для ўмацавання сувязяў з ЕЗ: напрыклад, было б мэтазгодна адкінуць нерашучасць і прыцягнуць Вялікабрытанію да ўдзелу ў навуковай праграме Еўрасаюза Horizon. Прыйшоў час адпавядаць лозунгу, які з’явіўся пасля рэферэндуму па брэкзіце 2016 года і які абвяшчае, што Вялікабрытанія прагаласавала за тое, каб «выйсці з ЕЗ, але не з Еўропы», – заклікае брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя