У Варшаве салідарызаваліся з жанчынамі-палітвязніцамі
Падтрымаць беларускіх жанчын-палітвязніц у цэнтр Варшавы выйшла больш за 50 чалавек.
Людзі трымалі плакаты на польскай мове, бел-чырвона-белыя сцягі і каляровыя партрэты беларускіх палітвязніц, якіх без віны кінулі і ў засценкі лукашэнкаўскага рэжыму.
„Толькі за тое, што выйшлі сказаць дыктатару „хопіць!””, – кажа мама палітзняволенай Антаніны Канавалавай Ганна Канавалава:
– Можна казаць не толькі пра маю дачку, але і пра ўсіх тых нашых прыгажунь, нашых адукаваных вельмі разумных дзяўчат, якія знаходзяцца за кратамі.
– Яны знаходзяцца ў антычалавечных умовах, без водару, без паветра, без добрага харчавання. Яны пазбаўлены элементарных сродкаў гігіены такіх, як туалетная папера і жаночыя сродкі гігіены. У камерах вошы, блохі.
Паводле Кацярыны Кучур, катастрафічнае становішча робіцца невыносным з-за адарванасці з роднымі. Калі ўдзельнікі акцыі сталі ланцугом ля дарогі, людзі чыталі плакаты, фатаграфавалі, адна жанчына не стрымала слёз.
Беларускае Радыё Рацыя