Ліквідатар аварыі на ЧАЭС можа стаць „дармаедам”



Ліквідатар наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС Анатоль Альхо з Бярозы ўжо паўгады не можа знайсці працу. Маючы 42 гады працоўнага стажу цясляр трапляе пад закон „Аб дармаедах”.

„Заробак жонкі не дае магчымасці пражыць, не хапае грошай на лекі, а тут яшчэ падатак на дармаедства”, – кажа Анатоль Альхо:

– Тэлефанаваў ужо па ўсёй Беларусі, то не трэба, то як вы будзеце сюды дабірацца, бо кватэр няма, нічога няма. Некаторыя ўвогуле кажуць: „Мы бяром да 45-ці”. У двух фірмах сказалі: „Мы бяром толькі да 50-ці”. Я кажу: „А мне што рабіць?”. „Што хочаце, тое і рабіце”.

Паводле Анатоля Альхо, на былой працы ён пацярпеў з-за сваёй даверлівасці. Ён агучыў начальніку прапанову з заробкам па схеме аплаты ўкраінцам:

– Мы працавалі ў Агародніках, будавалі кароўнік, ну і туды да нас украінцаў з Валыні прыслалі. У нас заробак 2,5 – 3 мільёны, максімум 4, а яны атрымлівалі ад 9 і вышэй. Я пытаюся: “Хлопцы, а ў чым справа?”. Кажуць: “Толькі нікому не кажы, мы скідаемся па 20% і аддаем старэйшаму, а старэйшы аддае ў кантору.

Пасля прапановы кіраўнік калоны №3 не дапусціў яго на два дні да працы, а на трэці дзень звольніў, нібыта за з’яўленне на працы ў нецвярозым выглядзе.

Беларускае Радыё Рацыя