Да 1 ліпеня ўсе аграсядзібы павінны прайсці перарэгістрацыю
Да 1 ліпеня ўсе існуючыя аграсядзібы краіны павінны прайсці перарэгістрацыю ў мясцовых выканаўчых камітэтах. З большага патрабаванні засталіся ранейшымі, але цяпер уладальнікі аграсядзібаў павінны спрыяць знаёмству сваіх гасцей з прыродай населенага пункта, гісторыка-архітэктурнымі аб’ектамі, традыцыямі. Гэта крок да таго, каб спыніць пераўтварэнне аграсядзібы ў звычайны гатэль-рэстарацыю на вёсцы.
Па словах экскурсавода Таццяны Хвагінай, перадусім аграсядзібы спрабуюць задаволіць попыт, які сыходзіць ад саміх грамадзян:
– Попыт на юбілеі, дні народзін, вяселлі. Хочацца на прыродзе, як у фільме „Белыя росы”, памятаеце, там вясковае вяселле, сталы на вуліцы стаяць. Так заўсёды было, яшчэ не так даўно гэта так і было. Людзі паглядзелі, пайшло. Гэта канешне не класічны агратурызм.
Суразмоўца дадае, што ў рэальнасці большасць аграсядзібаў перастане існаваць, калі будзе арыентавацца выключна на вандроўнікаў. На сёння ў Беларусі зарэгістравана звыш трох тысячаў аграсядзібаў.
Беларускае Радыё Рацыя