Беларусы Батумі: Адзначым разам 25 Сакавіка!
Праз 10 дзён беларусы ва ўсім свеце будуць адзначаць 25 Сакавіка. Сёлета гэта будуць 105-я ўгодкі стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Чым адметная для іх гэтая дата, кажуць беларусы, што жывуць ў сталіцы грузінскай Аджарыі Батумі:
-Не забывацца на сваю культуру, мову, гісторыю. І каб сустракацца сваёю суполкаю, са сваімі людзьмі і размаўляць адныя з аднымі.
-Таму што мы носьбіты сваёй культуры. Мы – прадстаўнікі сваёй Бацькаўшчыны. І мы павінны заўсёды памятаць пра тое, дзе мы, хто мы і разумець сябе ў гэтым сусвеце.
РР: 25-га Сакавіка для вас свята, ці проста гістарычная дата?
-Канешне, гэта свята. Гэта не проста дата ў календары, а гэта вялікае свята. Але і адная з галоўных гістарычных дат увогуле ў беларускай гісторыі.
Беларусы Батумі адзначаць гэтае свята вельмі разнастайнымі імпрэзамі: гістарычным квізам, лёгкаатлетычным прабегам, шэсцем і мітынгам у цэнтры горада і дваровой імпрэзай. Абвесткі пра мерапрыемства з’явяцца ў чатах і тэлеграм-каналах беларусаў Грузіі напрацягу бліжэйшых дзён.
Беларускае Радыё Рацыя