Юры Губарэвіч: Праграма «Кадравы рэзерв для новай Беларусі» пачынае навучанне
У нядзелю, 19 сакавіка, завяршаецца набор на першую навучальную праграму ў межах кампаніі «Кадравы рэзерв для новай Беларусі». Старт навучання – 3 красавіка 2023 года.
Пра тое, што ўяўляе сабой праграма, нашаму карэспандэнту распавёў Госць Рацыі, каардынатар кампаніі “Кадравы рэзерв” Юры Губарэвіч.
Юры Губарэвіч: Гэта пілотны адукацыйны модуль, які мы прапануем усім удзельнікам кадравага рэзерву, якія паспеюць падаць заяўкі ў праграму «Кадравы рэзерв» да 19 сакавіка. Гэта не азначае, што набор у праграму спыняецца, бо ён бестэрміновы, мы чакаем людзей і пазней, але адзінае, што на гэты навучальны модуль яны хутчэй за ўсё не патрапяць. А сама праграма мае на мэце апрабацыя досведаў, апрабацыю ўзроўня адукацыйнага нашых удзельнікаў, каб яны перш за ўсё для сябе вырашылі, ці іх заяўка ў «Кадравы рэзерв» – гэта тое, што ім патрэбна, што яны ўяўляюць, бо навучанне ўключае ў сябе пілотныя курсы па дзяржаўнаму кіраванню, самакіраванню, філасофіі службовай дзейнасці, канфлікталогіі, па гісторыі, па фінансах, бюджэтах, мясцовых і дзяржаўных. У прынцыпе ўсё тое, што павінен ведаць дзяржаўны чыноўнік. І гэта не азначае, што праграма з’яўляецца паўнавартаснай падрыхтоўкай людзей і ўжо выпуск яе – гэта гатоўнасць заняць месца ў дзяржаўнай сістэме. Але кожны з удзельнікаў зможа ацаніць, у якім накірунку яму далей развівацца. Бо шэраг службовых пасадаў патрабуюць пэўных глыбокіх кампетэнцый, напрыклад, калі мы бярэм Міністэрства фінансаў, альбо аддзелы па эканоміцы ўжо на рэгіянальным узроўні, то, канешне, трэба, каб чалавек меў адпаведную адукацыю. Калі гэтая праца звязана з юрыдычнымі пытаннямі, гэта можа быць і сілавы апарат, гэта могуць быць аддзелы юстыцыі, зноў такі, альбо рэгіянальны ўзровень, альбо міністэрства юстыцыі, то адпаведна юрыдычная адукацыя. Тыя ж суды, пракуратура і г.д.
Для нас таксама праграма з’яўляюцца магчымасцю ацаніць узровень ведаў нашых удзельнікаў і прапанаваць ім шляхі паляпшэння гэтых ведаў.
РР: Як доўга будзе працягвацца навучанне?
Юры Губарэвіч: Навучанне складаецца з 60 акадэмічных гадзінаў, якія лектарамі будуць начытвацца анлайн, праз бяспечныя сродкі камунікацыі, якія дазволяць захаваць ананімнасць удзельнікам, але разам з тым будзе магчымасць зваротнай сувязі з лектарамі, магчымасць задаваць пытанні. Цягам двух месяцаў, я думаю, з перыядычнасцю дзве-тры лекцыі на тыдзень, мы гэтую праграму здолеем рэалізаваць.
Цалкам размова:
Запоўніць анкету можна на сайце кампаніі: https://pr-belarus.org/be/apply-by.
З каардынатарам кампаніі “Кадравы рэзерв” Юрам Губарэвічам размаўляла наш карэспандэнт Марына Савіцкая.